Пошук

11.08.2022 12:12   Тэкст і фота: Кс. Юрый Ясевіч / Catholic.by

6 жніўня, у свята Перамянення Пана, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзяў удзел у парафіяльнай урачыстасці ў Крывічах, а таксама наведаў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.

Абедзве гэтыя старадаўнія парафіі, размешчаныя па суседстве, аб’ядноўвае тое, што ў іх на працягу двух дзесяцігоддзяў нёс служэнне ксёндз Францішак Грынкевіч.

Яго душпастырства ў Крывічах, Будславе і навакольных парафіях прыпала на няпростыя часы, калі Касцёл на нашых землях ячшэ толькі пачынаў паволі адраджацца пасля лютай зімы атэістычнага пераследу, калі катастрафічна не хапала святароў, а многія святыні былі зачынены або наогул знішчаны злачынным савецкім рэжымам.

Ксёндз Францішак Грынкевіч адышоў у вечнасць 20 гадоў таму, але памяць пра гэтага руплівага душпастыра ўдзячныя вернікі Крывічоў, Будслава і наваколля з пашанай захоўваюць да сёння.

Каб ушанаваць яго памяць у гадавіну смерці ў парафіяльнай святыні сабраліся вернікі розных пакаленняў. Выразам братняй еднасці хрысціянаў стала прысутнасць на цэлебрацыі праваслаўнага святара.

Гаворачы пра духоўны сэнс Перамянення Пана на гары Табор, арцыбіскуп Станеўскі зазначыў, што яно перадусім нагадвае нам пра Божую хвалу — мэту ўсяго нашага існавання. Гэтая евангельская падзея, па словах арцыпастыра, заахвочвае нас адарваць сэрца ад штодзённых матэрыяльных рэчаў і скіраваць іх да непрамінальных, нязменных каштоўнасцяў. Іерарх заклікаў удзельнікаў урачыстасці да глыбокага ўнутранага перамянення, якое дазволіць жыць Божай хвалой на зямлі і ўвайці ў яе ў вечнасці.

Асобу ксяндза Францішка Грынкевіча з падзякай узгадаў яго паплечнік, пробашч парафіі святога Юзафа ў Маладзечне ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, дэкан Маладзечанскі.

Святар адзначыў, што ксяндза Францішка мясцовыя вернікі запамяталі як чалавека, які «быў добрым, шчырым, клапаціўся пра іншых».

Пасля супольнай малітвы з мясцовымі вернікамі ў Крывічах, арцыбіскуп Станеўскі наведаў Будслаў, дзе калісьці таксама нёс служэнне святой памяці ксёндз Францішак Грынкевіч і дзе ён пахаваны на парафіяльных могілках.

У размове з яго наступнікам, пробашчам будслаўскай парафіі ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам іерарх даведаўся аб працах, якія вядуцца ў Нацыянальным санктуарыі пасля леташняга пажару.

У асабістай малітве перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі даручыў апецы Марыі нашу Бацькаўшчыну і справу адбудовы пацярпелай ад пажару святыні ў Будславе.

 

Абноўлена 11.08.2022 12:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця