Пошук

05.08.2019 12:44   Тэкст: Ян Багдановіч / Фота: Маргарыта Ляховіч / Catholic.by

Ужо другі год парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мсціславе перажывае сваё адпустовае свята ў час, калі ў гэтым горадзе ладзіцца Рыцарскі фэст, таму сёлета парафіяльнае свята адбылося 3 жніўня.

Ідэйным натхняльнікам і, фактычна, ініцыятарам першага рыцарскага фэсту ў 2007 г. быў тагачасны мсціслаўскі пробашч кс. Караль Тамэцкі.

Узначаліў урачыстасць Біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Да супольнага святкавання далучыліся святары і вернікі з Магілёва і Касцюковіч, а таксама а. Васіль Ягораў з грэка-каталіцкай парафіі ў Магілёве.

У сваім слове на пачатку святкавання біскуп Аляксандр заўважыў:

«Калі чуеш слова „рыцар“, то адразу тры словы просяцца на вусны: Бог, гонар, Айчына.

Нашы продкі казалі: „Жыць — Богу служыць“. Наша краіна, якая прызнаецца ў сваіх хрысціянскіх каранях, павінна ўсё больш умацоўвацца ў жывой і сапраўднай веры ў Бога і, як вучыць Святое Пісанне, памятаць, што, калi Бог не благаславіць, дарэмныя ўсе нашыя намаганні. Менавіта таму мяне цешыць той факт, што па прыкладу нашых продкаў, перажываючы Рыцарскі фэст у Мсціславе, на пачатку заўсёды просяць Божага благаслаўлення», — сказаў іерарх.

Як дадаў біскуп, слова «гонар» заахвочвае да роздуму, чым сёння ганарыцца чалавек. «На жаль, эгаістычны стыль жыцця ўсё больш паказвае, што сёння мы ганарымся выключна сваімі ўласнымі дасягненнямі і дзейнічаем на карысць саміх сябе, — адзначыў ён. — Гэта не добрая якасць чалавека, таму дабро іншых, сям’і, грамадства, краіны, павінна ўзяць перавагу над уласнымі інтарэсамі і карысцю».

Слова ж «Айчына», звярнуў увагу іерарх, заахвочвае «да любові і клопату пра нашу Бацькаўшчыну, пра сінявокую Беларусь, якія так неабходна прывіваць і перадаваць маладому пакаленню».

Падчас святой Імшы, разважаючы над фрагментам Евангелля паводле Лукі, біскуп звярнуў увагу на кантраст паміж перажыванай урачыстасцю і гэтым чытаннем.

 

«Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца адным з самых галоўных і прыгожых святаў Маці Божай. Жыццё, прысвечанае выключна служэнню Богу, увянчалася ўнебаўзяццем Марыі з целам і душой на неба, а таксама каранаваннем Яе на Каралеву неба і зямлі. І вось у гэтую ўрачыстасць мы разважаем над сцэнай адведзінаў св. Альжбеты, да якой спяшаецца Марыя, каб служыць, — сказаў ён. — У сённяшняе свята мы ўзгадваем Маці Божую, якая мые падлогу, рэчы, прыбірае, гатуе ежу і, можа, масажуе ногі старэйшай жанчыне ў благаслаўлёным стане».

Перад намі, па словах біскупа, паўстае вобраз не каралевы з каронай, якой служаць анёлы, а сапраўднай слугі Пана і людзей — «прыклад, які неабходна наследаваць у нашых супольнасцях».

Біскуп Аляксандр Яшэўскі заахвоціў усіх прысутных падумаць над тым, які вобраз я пакіну пасля сябе, адыходзячы з гэтага свету, якімі словамі ўзгадаюць мяне людзі і якія ўчынкі будуць нагадваць пра сутнасць майго жыцця і дзейнасці наступным пакаленням.

Абноўлена 05.08.2019 15:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.