У нядзелю 14 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мсціславе (Магілёўскі рэгіён) адбылася адпустовая ўрачыстасць.
З гэтай нагоды цэлебрацыю святой Імшы ў адзіным дзеючым касцёле горада, дзе калісьці было шмат каталіцкіх святыняў, узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Разам з іерархам маліліся пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках ксёндз Андрэй Кеўліч, дэкан Магілёўскі, мсціслаўскі душпастыр ксёндз пробашч Павел Адамовіч, мясцовыя вернікі і госці парафіі.
Гамілію на Эўхарыстыі прамовіў біскуп Яшэўскі. У Божым слове іерарх асабліва падкрэсліў значэнне асобы Маці Божай у гісторыі збаўлення, звярнуў увагу на тэксты Святога Пісання, у якіх Панна Марыя згадваецца як жанчына, якая давярае Богу, сапраўды шчыра прымае Божую волю, клапоціцца аб тых, хто побач, і імкнецца верна служыць Богу. Біскуп заўважыў, што найлепшы шлях да Езуса, да Бога — гэта шлях праз Марыю.
«Прыемна таксама разумець, што так шмат касцёлаў на тэрыторыі Магілёўшчыны названа ў гонар Панны Марыі. Гэта даказвае тое, што нашыя продкі разумелі, наколькі важнай асобай з’яўляецца Маці Езуса Хрыста», — падкрэсліў біскуп Аляксандр Яшэўскі.
З падзякай Богу за сёлетні ураджай у гэты дзень, паводле даўняй каталіцкай традыцыі, адбылося благаслаўленне садавіны, гародніны, кветак і зёлак, якія прынеслі ў касцёл вернікі.