Пасля ўдзелу ў Шостым ружанцовым кангрэсе, які 1 кастрычніка прайшоў у Магілёве, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў шэраг парафій на Магілёўшчыне.
У нядзелю іерарх асабіста пазнаёміўся з жыццём каталіцкіх супольнасцяў у трох райцэнтрах на ўсходзе нашай краіны: у Чэрыкаве, Крычаве і Мсціславе.
У Чэрыкаве, дзе часова не адбываюцца набажэнствы, арцыпастыр памаліўся ў вернутым касцёле перад фігурай Маці Божай і запаліў свечку падчас малітвы з надзеяй і на знак таго, што хутка там будуць збірацца вернікі мясцовай парафіі.
Пробашч крычаўскай парафіі ксёндз Павел Адамовіч, які таксама з’яўляецца душпастырам католікаў Чэрыкава і Мсціслава, праінфармаваў арцыбіскупа аб актуальнай сітуацыяй ў гэтых парафіях.
Пасля іерарх прыбыў у Крычаў, дзе з мясцовай парафіяльнай супольнасцю цэлебраваў святую Імшу, а потым асабіста паразмаўляў з вернікамі.
З Крычава арцыбіскуп Юзаф Станеўскі скіраваўся ў Мсціслаў, дзе быў прывітаны вернікамі гэтай парафіі і цэлебраваў для іх Эўхарыстыю, а пасля пазнаёміўся з духоўнай і архітэктурнай спадчынай старадаўняга беларускага горада.