Пошук

30.07.2019 12:19   Тэкст: Ганна Якімовіч / Фота: Дзмітрый Мельнікаў / Catholic.by

На мінулым тыдні ў музейным комплексе «Дукорскі маёнтак» у Дукоры адбылася вельмі важная падзея для праекту «Сувязь пакаленняў», які Нацыянальны Caritas рэалізуе пры падтрымцы фонду «Памяць, адказнасць і будучыня» паводле праграмы «Месца сустрэчы: дыялог» і Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Узаемаразуменне».

Мерапрыемства мела назву «Гульні пакаленняў».

Фізічная актыўнасць дапамагае пажылым людзям заставацца рухомымі, энергічнымі і здаровымі. Вядома, пад увагу трэба браць фізічны стан і магчымасці, але рэкамендацыі медыкаў адзіныя: «Рухацца!»

Таму ў гэтым мерапрыемстве было вырашана аб’яднаць забаўляльную праграму са спартыўнымі гульнямі. У паважаных ветэранаў і гасцей была таксама магчымасць атрымаць асалоду ад выдатных нумароў, якія падрыхтавалі для іх музычныя калектывы «2+2» і «VIP» (Мар’іна Горка), Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Світанак», дзiцячы гурт парафіі св. Антонiя «Пухавiцкiя пярлiнкi» і «Дрычаначка» (Мар’іна Горка), хор ветэранаў (Бабруйск), а таксама паэтка Соф’я Меляшкевіч.

Арганізатары ўдзячныя гасцям, а менавіта першаму сакратару пасольства Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Магдалене Сiдаровiч, намесніку старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Надзеі Цупа, дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Пухавіцкага раёна Дзянісу Матусевічу, і калегам з Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на чале з дырэктарам кс. Андрэем Жылевічам, якія знайшлі час і змаглі падтрымаць іх сваёй прысутнасцю.

Таксама арганізатары дзякуюць кс. Генрыху Кучынскаму, які падтрымлівае парафіян і актыўна дапамагае ў рэалізацыі праекту на базе парафіі св. Антонія ў Мар'інай Горцы.

«Вельмі задаволена мерапрыемствам. Мы змаглі сустрэцца, пазнаёміцца, якія мы былі радасныя! А як хораша мы гулялі з дзецьмі і моладдзю ў розныя гульні! Такое ў нашыя гады для нас было наладжана ўпершыню. Вялікая ўдзячнасць пробашчу парафіі святога Антонія ў Мар’інай Горцы кс. Генрыху Кучынскаму за тое, што дапамог у арганізацыі свята, і нашаму каардынатару Вользе Паповай за цярпенне і сілу, якія яна ўклала ў падрыхтоўку і арганізацыю», — такімі цеплымі эмоцыямі і словамі ўдзячнасці падзялілася ўдзельніца праекту Марыя-Магдалена Войнюш.

Праект «Сувязь пакаленняў» Нацыянальны Caritas рэалізуе з красавіка 2019 года.

Яго галоўная мэта — зніжэнне сацыяльнай ізаляванасці былых ахвяр нацызму і іншых катэгорый пажылых людзей ваеннага пакалення, якія пражываюць у сельскай мясцовасці і невялікіх гарадах Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, праз наведванне валанцёрамі іх дамоў і арганізацыю сумеснага вольнага часу разам з прадстаўнікамі малодшых пакаленняў.

Удзельнікі праекту — былыя ахвяры нацызму (людзі, якія знаходзіліся ў перыяд Другой сусветнай вайны ў нацысцкіх канцлагерах, гета, вязніцах, працоўных, каранцінных і перасыльных лагерах, дзiцячых лагерах па забору крыві і правядзенні медэксперыментаў, лагерах знішчэння, лагерах для ваеннапалонных, рабочых калонах); грамадзяне, якія нарадзіліся да 9 мая 1945 г., а таксама члены сем’яў пажылых людзей-удзельнікаў праекту.

 

Абноўлена 30.07.2019 14:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа