Пошук

21.03.2025 11:28   Catholic.by

У III нядзелю Вялікага посту, якая сёлета прыпадае на 23 сакавіка, у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Нацыянальны дзень Caritas. З гэтай нагоды супрацоўнікі Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas скіроўваюць сваю падзяку ўсім тым, хто сваёй малітваю, падтрымкаю і ахвярнасцю прычыняецца да справы міласэрнасці ў Касцёле.

Дарагія браты і сёстры!

Мы ўсе разам з вамі перажываем чарговы Вялікі пост. Як вядома, гэта асаблівы час магчымасцяў для ўзбагачэння свайго духоўнага жыцця. Прымаючы ўдзел у набажэнствах, прыступаючы да святых сакрамэнтаў, мы наталяемся Божай ласкай, становімся моцнымі духоўна. Каб адкінуць далей ад сябе подступы злога духа, мы звяртаем сваю ўвагу на дабравольнае адрачэнне ад нейкіх прыемнасцяў, посцім. Аднак, мы дакладна ведаем, што, каб быць сапраўдным хрысціянінам, недастаткова толькі прысвячаць свой час на малітву і посціць. Неабходна таксама праяўляць любоў, міласэрнасць і спагаду.

Папа Бэнэдыкт ХVІ у энцыкліцы «Бог ёсць любоў» піша:

«Любоў да бліжняга, якая грунтуецца на любові да Бога, з’яўляецца, перш за ўсё, абавязкам кожнага веруючага, а таксама абавязкам усёй касцёльнай супольнасці, на кожным яе ўзроўні…»Любоў — гэта наш святы абавязак. Менавіта таму, асабліва падчас Вялікага посту, мы разважаем пра яе на парафіяльных рэкалекцыях. Пра гэтую любоў нам нагадваюць святары падчас казанняў. Яскравым прыкладам ахвярнай любові да бліжняга з’яўляецца святая Маці Тэрэза з Калькуты. Папа Францішак пажадаў, каб яе ўспамін адзначаўся ў Каталіцкім Касцёле 5 верасня. Гэтая святая праз сваё няпростае служэнне паказала, як любіць бліжняга, нават калі ён адкінуты ўсім грамадствам.

«Пост без міласэрнасці — гэта нішто»,— казаў святы Аўгустын. У ІІІ нядзелю Вялікага посту па ўсёй Беларусі ва ўсіх парафіяльных супольнасцях адбываецца збор сродкаў на патрэбы Caritas.

 Caritas — гэта касцёльныя структуры ў нашых дыяцэзіях, якія адказваюць за арганізацыю і рэалізацыю дапамогі тым, хто найбольш гэтага патрабуе.

Мы ведаем, што вы, дарагія браты і сёстры, стараецеся ў сваім штодзённым жыцці дапамагаць тым, хто ў патрэбе. У многіх з вас з гэтым звязана і вашая праца. Таму сёння хочам сказаць шчыры дзякуй усім тым, хто праз сацыяльнае служэнне дапамагае адзінокім, пакінутым, хворым і бедным людзям.

Шчыры дзякуй выказваем вам, дарагія браты і сёстры, за вашыя ахвяраванні, якія складаеце на патрэбы Caritas. Усе гэтыя сродкі накіроўваюцца на арганізацыю дабрачыннай дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Разам з каталіцкімі замежнымі фондамі ў 2024 годзе нам у Беларусі ўдалося дапамагчы больш чым 46-і тысячам чалавек. Гэта перадусім людзі з інваліднасцю, старэйшыя і адзінокія асобы, шматдзетныя сем’і і людзі без пастаяннага месца жыхарства. Гэтая дапамога стала рэальнай толькі дзякуючы вашаму добраму сэрцу і дапамозе нашых братоў і сясцёр католікаў з іншых краін.

Канешне, ў параўнанні з мінулымі стагоддзямі сучасныя грамадствы пайшлі далёка наперад у сацыяльнай дапамозе людзям. Сёння нашмат прасцей атрымаць якасную медычную дапамогу. Існуюць дамы для састарэлых, інтэрнаты і прыёмныя сем’і. Аднак, ніводная інстытуцыя не заменіць чалавеку чулага і любячага сэрца. Праявіць сваю міласэрную любоў можна вельмі малым коштам, або і зусім бясплатна. Дастаткова цёплага слова, звычайнай увагі ці проста размовы. Давайце азірнёмся навокал! Можа, хтосьці зусім адзінокі сярод нас? Можа, хтосьці не можа справіцца са сваім прыгнечаным станам? Мы ўсе хочам быць любімымі і заўважанымі, як дарослыя, так і дзеці. Няхай у гэты святы час пакаяння і навяртання ў нас будзе больш братняй любові і міласэрнасці!

У сваім пасланні на Вялікі пост 2025 Святы Айцец Францішак нагадвае нам, што хрысціяне пакліканы падарожнічаць разам, а не як адзінокія падарожнікі. Дэвіз юбілею 2025 года «Пілігрымы надзеі» прыпамінае нам, што нашае жыццё — гэта таксама пілігрымка. Давайце ісці ў гэтай пілігрымцы разам, дапамагаючы тым, хто стаміўся, хто паранены, хто блукае на шляху.Няхай Панна Марыя, Маці надзеі, заступаецца за нас і суправаджае нас у нашай жыццёвай вандроўцы.

Давяраючыся вашым малітвам,
дырэктары Карытас Беларусі

P. S. Гэтае пасланне неабходна прачытаць у ІІІ нядзелю Вялікага посту ва ўсіх парафіяльных супольнасцях Беларусі.

Абноўлена 21.03.2025 11:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.