Пошук

22.07.2019 12:50   Тэкст: А. Раман Шульц OP / Catholic.by

17 ліпеня 1399 г. нарадзілася для неба св. Ядвіга, каралева. У 2019 г. мінула 620 гадоў з часу яе смерці. Парафія св. Казіміра і св. Ядвігі ў Магілёве, якой апякуюцца айцы дамінікане, у гэтыя дні ўрачыста святкуе адпуст у яе гонар.

У нядзелю 21 ліпеня адбылася святая Імша, якую цэлебраваў Біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

У гаміліі, узгадваючы пра евангельскіх Марту і Марыю, іерарх заўважыў, што таксама ў літаніі да св. Ядвігі знаходзіцца заклік: «Марта і Марыя ў адной асобе». Божы Провід даў нам адпаведнае Божае слова на гэты дзень, адзначыў ён.

Дзве літары MM, якія азначаюць Марту і Марыю, св. Ядвіга пажадала змясціць на сценах свайго пакоя.

Кажучы пра дзве рысы св. Ядвігі — дзейнасць і сузіранне, — біскуп вылучыў чатыры паставы, годныя наследавання. Першая — заўважаць Бога ў нашым жыцці і ў іншых, як Абрагам, які бачыць трох асобаў, якія праходзяць каляя яго намёта; як Марта і Марыя, якія заўважаюць Езуса, што праходзіць праз іх мясцовасць; як Езус заўважаў патрабуючых падчас свайго зямнога жыцця. Так і мы, па словах іерарха, не можам канцэнтравацца на саміх сябе. Наша сэрца, працягам якога з’яўляюцца вочы, створана для таго, каб быць чулым.

З гэтага, дадаў біскуп, вынікае наступнае: калі мы заўважаем тых, хто ідзе ў нашым кірунку, у нашых сэрцах павінна абудзіцца цнота гасціннасці, якая выражаецца ў запрашэнні іншых да сябе, у свой дом. Запрашэнне ж цягне за сабой служэнне, як Абрагам з Сарай служылі тром таямнічым гасцям, як Марта і Марыя служылі Езусу.

Наступная пастава, па словах біскупа, яскрава прадстаўлена паводзінамі Марыі, якая слухае. Вельмі рэдка мы сустракаем людзей, якія з зацікаўленасцю схільныя выслухаць іншых.

Мы запрошаны слухаць на ўзор Марыі. Адначасова, заўважыў іерарх, нельга забываць, што мы з вялікай увагай павінны услухоўвацца найперш у тое, што кажа нам Бог.

Менавіта сузіранне Божага слова вядзе да мудрай дзейнасці, узор якой мы знаходзім у жыцці св. Ядвігі. Яна, услухоўваючыся ў словы Хрыста з крыжа ў вавельскай катэдры, адмовілася ад свайго юнацкага кахання да Вільгельма Габсбурга і ахвяравала сваё жыццё дзеля нясення Евангелля язычніцкім народам, выйшаўшы замуж за Уладзіслава Ягайлу.

Удзельнікі ўрачыстасці мелі магчымасць ушнаваць рэліквіі св. Ядвігі. Пасля святой Імшы прысутныя былі запрошаны на «каралеўскі баль». Танцы падрыхтавала група дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Алены Валаховіч. Сярод танцаў былі менуэт і паланэз. Да тых, якія не патрабавалі доўгай падрыхтоўкі, былі запрошаны ўсе сабраныя.

Радасці і прыгажосці было шмат. У першай пары танцавала Насця, якая прадстаўляла каралеву Ядвігу, апранутую ў раскошныя шаты, запрашаючы прысутных супольна адзначыць дзень імянінаў каралевы.

Святая Ядвіга паклапацілася і пра тое, каб госці маглі пачаставацца пры каралеўскім стале.

Парафіяне, як звычайна, прыгатавалі смачны пасілак.

Для прысутных быў падрыхтаваны і музычны падарунак. Арцём з Мінска пад акампанемент музычных інструментаў выканаў некалькі песень на беларускай мове — у тым ліку песню Боба Дылана «Столькі дарог мусіць прайсці кожны з нас», якую сам пераклаў з англійскай. Яе Дылан спяваў перад папам Янам Паўлам ІІ. Прысутныя разам праспявалі таксама «Барку».

Удзельнікі ўрачыстасці дзякавалі Богу за добрае сонечнае надвор’е, просячы праз заступніцтва св. Ядвігі аб ласцы выканання Яго волі магілёўскай парафіяй.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.