Пошук

15.07.2019 15:48   Тэкст і фота: Кс. Аляксандр Улас / Фота: Аляксандр Аляксандраў / Catholic.by

14 ліпеня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах адбыўся незвычайны фэст. Яго незвычайнасць была ў тым, што ён быў прысвечаны не святому і не касцёльнай падзеі, а беларускаму паэту Янку Купалу (Яну Луцэвічу).

Фэст стаў ужо традыцыйным, на які збіраюцца ў касцёле, каб памаліцца і ўшанаваць памяць таго, хто ў гэтай святыні ў 1882 годзе быў ахрышчаны, атрымаўшы імя ў гонар першага прарока Новага Запавету — святога Яна Хрысціцеля.

Вітаючы ўсіх прысутных, а асабліва шаноўнага госця — дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага, пробашч парафіі кс. канонік Юрый Быкаў пажадаў: «У сённяшнім свеце, калі тэхнічны прагрэс, моцна ўплываючы на свядомасць людзей, нішчыць супакой, гэты фэст няхай стане месцам, дзе прысутныя змогуць і адпачыць, і знайсці Божы супакой, адраджаючы ў сабе тую спадчыну, якая дасталася нам ад продкаў.

Таму што сапраўдная спадчына — гэта не тая, якая запісана і прысутнічае на розных тэхнічных прыладах і носьбітах, а перш за ўсё тое, што кожны з нас мае і захоўвае ў сэрцы».

Гэтую думку падтрымаў, а пазней дапоўніў у гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі.

«Любі бліжняга, як самога сябе, — гэта казаў Бог у Старым Запавеце, гэта слова ў слова паўтарае Хрыстус, — нагадаў іерарх. — Гэтыя словы былі тым, што натхняла розных людзей да стварэння розных шэдэўраў. І сёння мы ўзгадвадваем тут нашага славутага земляка Янку Купалу, які атрымаў ад Бога гэтую цяжкую і вялікую харызму — быць паэтам».

«Гэты талент ён злучаў з тымі каштоўнасцямі, якія вынес з бацькоўскага дому, ад сваіх бацькоў, якія перадалі яму першыя веды пра Бога, навучылі любіць Бога і бліжняга, любіць іншага чалавека, рабіць яму дабро. Таму мы не проста ўзгадваем сёння гэтага паэта і ўшаноўваем яго памяць, молімся за яго. Мы будзем чытаць яго вершы і, захапляючыся яго творчасцю, адкрываць той вялікі скарб, які больш, чым золатавалютны запас нашай краіны.

Гэта спадчына, якая з’яўляецца фундаментам нашай нацыянальнай свядомасці. Гэта культура, на якой утрымоўваецца самасвядомасць нас як беларусаў», — падкрэсліў біскуп.

«Мы павінны ведаць сваю культуру, шанаваць і любіць яе, бо калі нейкі будынак пазбаўлены фундаменту, ён становіцца слабым, хутка разбураецца і яго вельмі лёгка знішчыць. Таму, клапоцячыся пра культуру, мы ўмацоўваем фундамент, — заўважыў іерарх. — Мы маем абавязак перадаваць гэтую спадчыну іншым пакаленням».

«Нас прывёў сюды сёння ўнутраны голас. Шмат хто з вас прыйшоў у нацыянальных вышыванках. Дзякую вам за гэта. Дзякую за тое, што хочаце яшчэ раз дакрануцца да нашай духоўнай спадчыны, нашай культуры, пачытаць гэтыя вершы. І добра, што сярод нас ёсць таксама дзеткі, якія, слухаючы гэтыя вершы і чытаючы іх, дакранаюцца да найдаражэйшага скарбу — нашай спадчыны, і, дзякуючы Богу, маюць шанец палюбіць гэтую спадчыну і несці яе праз жыццё, перадаючы іншым пакаленням. Таму што толькі ведаючы, любячы, шануючы і перадаючы яе далей, мы можам лічыцца нацыяй з вялікай літары», — сказаў біскуп.

Пасля Імшы арганіст радашковіцкага касцёла Ігнат Данько выканаў на рэстаўраваным аргане адмысловы твор паводле верша Янкі Купалы «Мая малітва».

Потым прагучалі вершы паэта. Адной з тых, хто чытаў іх, была Марыя Міцкевіч, унучка не толькі славутага пісьменніка Якуба Коласа, але і Янкі Маўра.

Прысутныя былі ў асаблівым захапленні ад выступлення вучняў радашковіцкай школы, якія выканалі байкі «Асёл і цень», «Кажух і вата», вершы «Летняя раса», «А хто там ідзе».

Шмат чаго яшчэ прапанаваў фэст гасцям: між іншым канцэртную праграму, падчас якой выступілі Алеся Сівохіна і Алесь Камоцкі, забаўляльную гульню MölkKUPALA, пачастунак, падрыхтаваны мясцовай супольнасцю вернікаў. Найперш жа — незабыўны водар беларускай спадчыны, які панаваў у гэты дзень у Радашковічах.

 

Абноўлена 15.07.2019 17:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.