У нядзелю 4 чэрвеня, калі ў Касцёле адзначалася ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію ў Радашковічах (Маладзечанскі дэканат), дзе ў гэты дзень адзначаўся парафіяльны адпуст.
У тутэйшай парафіі Найсвяцейшай Тройцы нясе служэнне пробашча ксёндз канонік Юры Быкаў, які сёлета адзначае 20-ю гадавіну з часу прэзбітэрскага пасвячэння. Святар сустрэў арцыпастыра перад касцёлам і праводзіў у святыню.
У сакрыстыі арцыбіскуп Станеўскі пазнаёміўся і паразмаўляў з міністрантамі, якія старанна дапамагаюць святару пры алтары.
На пачатку Імшы пробашч сардэчна прывітаў іерарха ў касцёле, дзе быў ахрышчаны народны пясняр Беларусі Янка Купала, а ў савецкія часы размяшчаўся адзін з цэхаў прадпрыемства па вырабе мастацкай керамікі, і запрасіў яго ўзначаліць урачыстую цэлебрацыю. Ксёндз Юры таксама прывітаў святароў, якія прыбылі на фэст у Радашковічы з парафій Маладзечанскага дэканату, з суседняга Вілейскага дэканату і з Мінска, а таксама ўсіх парафіянаў і гасцей, сабраных у святыні.
Арцыпастыр у адказ падзякаваў за запрашэнне і выказаў радасць ад магчымасці маліцца разам з радашковіцкімі вернікамі ў дзень іх парафіяльнай урачыстасці.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі засяродзіўся на таямніцы Бога, які аб’яўляе сябе як Адзінага ў трох Асобах. «Казаць пра Тройцу вельмі цяжка, таму буду чытаць», — сказаў іерарх і растлумачыў удзельнікам урачыстасці, што Бог, хоць і неспасцігальны для людзей ў сваёй Трыадзінай сутнасці, тым не менш схіляецца да чалавека і ўваходзіць у нашае жыццё, каб быць «Богам з намі».
Напрыканцы Імшы прадстаўнікі парафіі павіншавалі свайго пробашча з 20-годдзем святарства, а таксама ўручылі кветкі і памятны радашковіцкі падарунак арцыпастыру.
Урачыстасць завяршылася выстаўленнем Найсвяцйешага Сакрамэнту, перад якім арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прамовіў літанію да Найсвяцейшай Тройцы ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце, пасля чаго адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.
Пасля супольнай малітвы гасцінныя радашковіцкія вернікі пачаставалі арцыбіскупа і святароў смачным абедам.