Пошук

30.05.2023 15:01   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

27 мая, напярэдадні ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, вернікі парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Маладзечанскі дэканат) сустрэлі ў сваёй святыні копіі цудадзейных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі, якія перэгрынуюць па парафіях Беларусі.

Увечары ў суботу, калі ў некаторых супольнасцях Касцёла адзначаўся ўспамін Маці Божай Каралевы апосталаў, копіі найбольш шанаваных на нашых землях ікон Багародзіцы з Марыйных санктуарыяў прыбылі ў Радашковічы з парафіі Божай Міласэрнасці ў Асіповічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Бабруйскі дэканат).

У радашковіцкім касцёле, дзе быў ахрышчаны народны пясняр Беларусі Янка Купала, копіі абразоў прабудуць да 3 чэрвеня.

Сустракаючы Маці Божую ў Яе святых выявах, пробашч парафіі ў Радашковічах ксёндз канонік Юры Быкаў прывітаў сабраных у святыні мясцовых парафіянаў і пілігрымаў, якія прыехалі памаліцца перад абразамі нябеснай Заступніцы. Святар адзначыў, што месяц май асаблівым чынам прысвечаны ўшанаванню Найсвяцейшай Панны Марыі, і выказаў радасць ад таго, што напрыканцы гэтага месяца Марыйныя абразы наведалі даручаную яго душпастырскай апецы парафіяльную сям’ю, стаўшы выразным знакам прысутнасці ў ёй Нябеснай Маці.

«Нам вельмі патрэбны моцны давер Божай Маці, бо адсутнасць веры — гэта трагедыя для народа», — падкрэсліў дасведчаны душпастыр, які сёлета адзначае 20-ю гадавіну святарства.

З нагоды прыбыцця копій цудадзейных абразоў Маці Божай у радашковіцкім касцёле адбылася святая Імша, якую разам з пробашчам цэлебраваў духоўны кіраўнік перэгрынацыі ксёндз Станіслаў Станеўскі CSsR. Ён распавёў сабраным у святыні вернікам пра пілігрымку з копіямі абразоў, якая два гады таму адбылася ўздоўж межаў нашай краіны. У вігілію Пяцідзесятніцы святар нагадаў, што калі апосталы ў супольнай малітве чакалі Спаслання Духа Святога, Марыя была разам з імі.

«І сёння Маці Збаўцы і наша Маці таксама разам з намі. Цяпер Яна тут, у вашай парафіяльнай супольнасці, калі мы чакаем і просім, каб Дух Святы сышоў на нас і адкрыў нашыя сэрцы», — дадаў ксёндз Станіслаў.

Пасля Імшы ў радашковіцкім касцёле адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і Маёвае набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі, пасля чаго ўсе ахвотныя маглі асабіста памаліцца перад выявамі Багародзіцы.

 

Абноўлена 30.05.2023 15:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.