
10 ліпеня парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах правяла Купалаў фэст для ўсіх, хто любіць і шануе народнага паэта Беларусі Янку Купалу.
Сёлетні фэст праходзіў у 140-ю гадавіну з дня нараджэння славутага беларускага песняра.
Ян Луцэвіч, вядомы ўсім як Янка Купала, нарадзіўся ў 1882 годзе ў Вязынцы, быў ахрышчаны ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы старадаўняга мястэчка Радашковічы і атрымаў імя ў гонар Хрыстовага Папярэдніка Яна Хрысціцеля.

Сёлетні Купалаў фэст у Радашковічах складаўся з трох частак. Распачаўся ён традыцыйна святой Імшой, пасля якой адбылася музычная праграма і літаратурная імпрэза. Падчас фэсту ў радашковіцкім касцёле гучаў арган XIX стагоддзя, які аднаўляецца з 2018 года. Аднаўленне гістарычнага інструмента адбываецца па ініцыятыве пробашча парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах ксяндза каноніка Юрыя Быкава. Рэстаўруе інструмент арганны майстар Маскоўскай філармоніі Дзмітрый Лотаў. У аргане ўжо гучаць 24 галасы.
Важнай падзеяй сёлетняга фэсту стала благаслаўленне адноўленай мемарыяльнай кампазіцыі, якая нагадвае пра тое, што менавіта ў гэтым касцёле 12 ліпеня 1882 года быў ахрышчаны Ян Луцэвіч — паэт Янка Купала.
Аўтар кампазіцыі скульптар Сяргей Гумілеўскі, якому радашковіцкія вернікі дапамаглі ў яе мантажы ў парафіяльнай святыні.
У межах фэсту адбылося выступленне артысткі Беларускай дзяржаўнай філармоніі Таццяны Шумаковай. Яна выканала на цымбалах такія знакамітыя творы, як «Купалінка», «Развітанне з Радзімай», «Лявоніха» і іншыя.
Падчас літаратурнай часткі прагучалі творы Янкі Купалы ў выкананні творчага аб’яднання «Батлейка» пад кіраўніцтвам Наталлі Маскалевіч з Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік».



