Пошук

17.07.2019 09:17   Тэкст і фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

У межах фэсту, прысвечанага Янку Купалу, які адбыўся 14 ліпеня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах, арганіст касцёла Ігнат Данько выконваў на старадаўнім рэстаўраваным аргане твор паводле купалаўскага верша «Мая малітва».

Арганіст распавёў парталу Catholic.by пра сваю працу ў радашковіцкай парафіі і з’яўленне тут гэтага музычнага інструмента.

— Ігнат, як даўно ты з’яўляешся арганістам у гэтым касцёле?

— Прыязджаю сюды ўжо каля трох гадоў. Іграю, бачу, як тут усё адбываецца, як усталёўваўся арган.

— На чым ты іграў з самага пачатку?

— Я скончыў музычную школу па класе акардэон і фартэпіяна, цяпер вучуся ў галіне вакалу. Арган заўсёды быў, скажам, маім хобі, заўсёды была мара іграць на ім. Я цікавіўся і працягваю цікавіцца гэтай сферай, чытаў шмат літаратуры пра гэта.

— Калі ты трапіў у гэтую парафію, якая тут была сітуацыя адносна музыкі?

— Тут быў невялікі электрычны арган, які ёсць і цяпер, вельмі ціхі. Вернікі спявалі і самі, цешыліся тым, што маюць. Сёння ў іх ёсць магчымасць спяваць падчас Імшы і іншых набажэнстваў пад вялікі арган, што, канечне, вельмі вялікае дасягненне парафіі і пробашча.

— Як сталася, што гэты арган тут апынуўся?

— Ён быў перавезены з касцёла ў Браславе. Некаторыя часткі ў ім, на жаль, адсутнічаюць і, напэўна, будуць з цягам часу заменены. Але добра, што яшчэ адзін арган будзе гучаць на Беларусі, а не знік цалкам і назаўсёды.

— Як даўно яго перавезлі сюды?

— Прыблізна тры-чатыры гады таму. Калі яго перавезлі, то чакалі, пакуль не знайшоўся добры майстар з Масквы, які і заняўся ім.

— Ці цяжка майстраваць арган або рэстаўраваць? Бо гэта стары арган, які перавезлі па частках і цяпер аднаўляюць.

— Канечне, гэта вельмі складаная праца, якая патрабуе, па-першае, вялікага досведу, а таксама вялікая адказнасць — аднаўляць такі гістарычны інструмент. Бо ён ужо не новы, што і выклікае складанасці. Таму заўсёды трэба ведаць, як ён рабіўся ў тыя часы.

— Кажуць, што кожны арган мае свой характар, свой непаўторны гук, тэмбр, прыгажосць. Ты ўжо паспрабаваў іграць на гэтым аргане, і сёння мы таксама гэта чулі. Ці можаш штосьці сказаць менавіта пра яго? Бо іграў ты на розных арганах.

— Так, я ведаю вельмі шмат арганаў, на многіх іграў, але гэты мае вельмі адметны гістарычны тэмбр, што адчуваецца падчас Імшы. Кожны рэгістр мае сваю асаблівасць. Гісторыя ў ім вельмі адлюстроўваецца.

— Як табе здаецца, у гэтым месцы, дзе калісьці ахрысцілі беларускага вестуна Янку Купалу, ці спатрэбіцца гэты арган?

— Безумоўна. Арган адыгрывае вялікую ролю падчас літургіі, суправаджае яе, а таксама значна ўплывае на малітоўны настрой людзей. І менавіта ў такім месцы, дзе нарадзіўся вялікі пясняр Беларусі, гэты арган вельмі дарэчы. Таму, я лічу, вельмі добра, што ён і далей будзе суправаджаць літургію.

— Дай Божа, каб ён спрыяў узрастанню і іншых песняроў з гэтай зямлі!

Абноўлена 17.07.2019 13:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця