Пошук

13.07.2019 18:02   Catholic.by
Фота grodnensis.by

13 ліпеня цэлебрацыю галоўнай святой Імшы ў межах урачыстасцяў у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях узначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Сёлетнія ўрачыстасці ў Тракелях асаблівыя — адзначаецца 25-годдзе абвяшчэння парафіяльнай святыні ў Тракелях Дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Каралевы нашых сем’яў, 10-годдзе каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Тракельскай і 210-годдзе пабудовы мясцовага касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Таксама яны праходзяць у пастырскім Годзе сям’і як крыніцы радасці і надзеі моладзі. На ўрачыстасці прыбыло 17 пілігрымак.

«Сям’я з Назарэта была сапраўднай, рэальнай сям’ёй, — адзначыў Апостальскі нунцый, звяртаючыся на пачатку Імшы да прысутных. — Яна таксама перажыла шмат цяжкасцяў, як гэта адбываецца сёння і ў нашых сем’ях.

Іх радасцю і шчасцем, іх моцай і надзеяй быў Езус. Гэта Ён — крыніца любові і супакою, еднасці і разумення, адвагі і сілы.

Кожны раз, калі мы, нашыя сем’і, слабыя і часта параненыя, вяртаемся з даверам да гэтай крыніцы — да Езуса, да Яго любові, — то неспадзявана бачым, як адкрываюцца новыя дарогі і нечаканыя магчымасці. (...) Сям’я, моцная верай, сваім жыццём перадае яе новым пакаленням, стаецца соллю зямлі, святлом свету, закваскай для ўсяго грамадства».

Прыгадваючы дэвіз сёлетніх урачыстасцяў — «Марыя, агарні нашыя сем’і», — прадстаўнік папы Францішка засяродзіў у гаміліі ўвагу на трох паставах Маці Божай: «Марыя, якая слухае, Марыя, якая крочыць, Марыя, якая сустракаецца».

«Вера паходзіць ад слухання. Адносіны ў сям’і таксама будуюцца на слуханні, — адзначыў іерарх. — Слухаць азначае дзяліцца пытаннямі і сумненнямі, пакорліва ахвяраваць свае здольнасці і дары на карысць агульнага дабра.

Слухаць ніколі не бывае проста, бо патрабуе адрачэння ад сябе, ад жадання заўсёды мець рацыю. Таму часам бывае зручней рабіць выгляд, што мы глухія».

«Марыя, пачуўшы Звеставанне Анёла, не застаецца на месцы, прывязанай да выгодаў і камфорту, але ідзе… Крочыць ад Назарэта да дома Захарыі і Альжбеты: гэта першае з падарожжаў Марыі. Пасля Яна пойдзе з Галілеі ў Бэтлеем, дзе народзіцца Езус; уцячэ ў Егіпет, каб выратаваць Дзіця ад Ірада; пакуль урэшце ў апошні раз не пойдзе за Сынам на Галготу», — разважаў далей арцыбіскуп.

«Марыя нас суправаджае, ахінае — як кажа дэвіз сённяшняй сустрэчы — нашыя сем'і ў сучасным свеце, які імкнецца пазбавіць нас надзеі, прымушае жыць у няпэўнасці, трывозе і цяжкасцях, — дадаў Апостальскі нунцый. — Дарагія браты і сёстры, трэба разумець, што ідэальных сем’яў не існуе. Мы не мусім баяцца недасканаласцяў, ранаў, канфліктаў.

Мы павінны навучыцца сустракацца з імі тварам у твар і адважна іх вырашаць. Таму сям’я, у якой, нягледзячы на слабасці і грахі, пануе любоў, становіцца школай прабачэння».

«Наступная пастава Марыі — гэта сустрэча. Марыя сустракаецца з Альжбетай, якая ўшаноўвае Яе, таму што Яна паверыла. Сям’я таксама нараджаецца з сустрэчы з іншым, каб рэалізаваць Божы план, у якім ужо няма “я” і “ты”, але ёсць “мы”. Гэта азначае ісці разам, адважна, бо Дух Святы заахвочвае нас адмовіцца ад уласнага эгаізму, замкнёнасці ў сабе, вучыць нас бачыць дабро ў іншым», — патлумачыў арцыбіскуп.

Па яго словах, «у штодзённым жыцці сучасных мужчын і жанчын часта не хапае сямейнага духу». Стасункі — прафесійныя, эканамічныя, грамадскія — «выглядаюць вельмі рацыянальнымі, фармальнымі, ананімнымі», таму «сям’я можа быць для грамадства сведчаннем адносін, заснаваных на любові і павазе».

«Марыя слухае, ідзе, сустракаецца і шчаслівая, бо нясе штосьці большае за сябе — Бога.

Не будзем баяцца і мы несці Бога іншым, перш за ўсё — уласным сем’ям», — заахвоціў прадстаўнік Папы ўдзельнікаў урачыстасцяў у Тракелях.

Абноўлена 14.07.2019 12:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця