Пошук


12 ліпеня ў Тракелях распачаліся двухдзённыя юбілейныя ўрачыстасці ў 25-ю гадавіну ўстанаўлення санктуарыя Маці Божай Каралевы нашых сем’яў, 10-ю гадавіну каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Тракельскай папскімі каронамі і 210-ю гадавіну пабудовы мясцовага касцёла.

Адметнасцю ўрачыстасцяў стала і тое, што яны праходзяць сёлета ў пастырскім Годзе сям’і як крыніцы радасці і надзеі моладзі.

На юбілейныя ўрачыстасці прыбылі пілігрымкі з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі.

Абраз Маці Божай Тракельскай быў унесены на палявы алтар. Адбыліся святая Імша з удзелам новапрэзбітэраў, Марыйны заклік, канферэнцыя на тэму сям’і і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Перад пачаткам святой Імшы апоўначы з 12 на 13 ліпеня шматлікія вернікі прынялі ўдзел у працэсіі са свечкамі, якая суправаджалася малітвай Ружанца.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

У гаміліі арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што за мінулыя 25 гадоў санктуарый у Тракелях стаў вядомым не толькі ў Беларусі, але таксама далёка за яе межамі.

Нагадваючы пра 10-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Тракельскай папскімі каронамі, іерарх патлумачыў: «Сама карона не павялічвае годнасці Марыі, бо Яна каранавана Езусам на Каралеву неба і зямлі. (…) Каранацыя абразоў ці выяваў Марыі — гэта знак удзячнасці, пашаны і пабожнасці Божага народа. Таму Касцёл прапагандуе іх каранацыю з мэтай развіваць і ўмацоўваць культ Марыі і заахвочвае звяртацца да Яе з дапамогай».

А прычынаў звяртацца да Маці Божай, па словах арцыбіскупа, шмат. «Вакол нас маса нявырашаных праблем, найперш у галіне маральнасці. Наш народ захаваў веру ў часы ганенняў і супрацьстаяў дыктатуры ваяўнічага атэізму, — адзначыў ён. — Ці ўмеем мы і ці маем адвагу перад выклікамі нашага часу паўтарыць гэтыя словы сёння, калі з аднаго боку цешымся свабодай веравызнання, а з іншага — вельмі лёгка паддаемся негатыўным уплывам секулярызму і дыктатуры маральнага рэлятывізму?»

Сярод найбольш трывожных праблем сучаснасці, дадаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, знаходзіцца праблема сям’і.

Новай праблемай з’яўляецца распаўсюджванне гендарнай ідэалогіі. Сям’ю, падкрэсліў іерарх, неабходна неадкладна ратаваць, і асаблівая роля ў гэтым належыць католікам.

«Недастакова толькі дэклараваць сваю веру і ў той жа час не згаджацца з вучэннем Касцёла ў справе Богам устаноўленага інстытуту сям’і, практыкі абортаў, антыканцэпцыі, аднаполых шлюбаў, парнаграфіі. Быць веруючым азначае выракацца зла ва ўсіх яго праявах і абставінах нашага жыцця і жыць паводле прынцыпаў Евангелля», — заўважыў арцыбіскуп.

Ён нагадаў, што падчас Сінодаў Біскупаў, прысвечаных сям’і, у 2014 і 2015 гадах вялося шмат дыскусій пра неабходнасць суправаджэння сем’яў, асабліва маладых і тых, якія знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі. Гэта, як адзначыў іерарх, павінны рабіць не толькі парафія, святар, кансэкраваная асоба, але і іншыя сем’і і канкрэтныя асобы, асабліва тыя, хто перамог крызіс. Неабходна таксама больш актыўна выкарыстоўваць дапамогу сямейных кансультацый, якія існуюць у дыяцэзіях і шматлікіх парафіях.

«Нам таксама патрэбна заканадаўства, якое не супярэчыць Божаму закону, тым больш што Беларусь, як еўрапейская краіна, мае хрысціянскія карані і яе гісторыя прасякнута духам хрысціянства,

— сказаў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. — Таму звяртаюся з рашучым заклікам да заканадаўчых уладаў, каб у законатворчым працэсе яны ўлічвалі Божае права і беларускую хрысціянскую традыцыю».

«Усе гэтыя і падобныя намаганні павінны быць падмацаваны нашай малітвай. Нездарма Езус кажа, што без Яго нічога не зможам зрабіць», — дадаў арцыбіскуп.

«Калі дзіцяці цяжка, яно звяртаецца з просьбай аб дапамозе да сваёй маці.

Таксама перад абліччам цяжкасцяў, якія перажывае беларуская сям’я, у гэтую гадзіну праўды пра сям’ю мы павінны звяртацца да нашай духоўнай Маці — Марыі,

— падкрэсліў іерарх. — Сімвалічна, што першы цуд Езус учыніў па просьбе Марыі і на вяселлі ў Кане Галілейскай. Гэта знак таго, што Ён клапоціцца пра сям’ю і можа яе зрабіць шчаслівай».

Арцыбіскуп пажадаў тракельскаму санктуарыю, каб новы этап жыцця, у які ён уступае, спрыяў «адраджэнню духоўнасці на нашай зямлі і найперш умацаванню сям’і, без якой няма шчаслівай будучыні».

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуўся да Маці Божай са словамі просьбы: «Выпрасі нам ласку адвагі кінуцца ў мора крызісу беларускай сям’і і выратаваць яе ад гібелі. Дапамажы бараніць сям’ю, як зрэнку свайго вока, каб яна стала месцам узаемнай любові і пашаны сужэнцаў, месцам нараджэння новага жыцця і яго абароны, хатнім Касцёлам і першай школай хрысціянскага выхавання новага пакалення».

Пасля Імшы выступіў з канцэртам музычны гурт AVE Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Затым распачалася малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Абноўлена 18.07.2019 13:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця