8 ліпеня ў санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях вырушылі ажно тры пешыя пілігрымкі: з Гродна, Ваўкавыска і Івейскага дэканату.
Як паведамляе сайт Grodnensis.by, XXI пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый у Тракелях распачалася святой Імшой у катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксавэрыя, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У слове на дарогу іерарх даручыў пілігрымам асабліва важныя для яго інтэнцыі.
Найперш ён прасіў маліцца за ўсе сем’і нашай краіны, каб у кожнай было месца для Бога.
Біскуп заахвоціў ахвяраваць цяжар пілігрымкі таксама ў інтэнцыі новых святарскіх і манаскіх пакліканняў у мясцовым Касцёле. Акрамя таго, ён заклікаў агарнуць малітвай усіх маладых людзей Гродзенскай дыяцэзіі, каб у сваім жыцці яны ставілі на першае месца Бога і былі Яму верныя.
У прамоўленай гаміліі кіраўнік пілігрымкі кс. канонік Павел Салабуда нагадаў дэвіз сёлетняга вандравання: «З Марыяй — у новы час». Святар заклікаў чытаць знакі часу і адказваць згодна з духам Евангелля на выклікі нашай эпохі.
Пасля Імшы, прыняўшы благаслаўленне свайго пастыра, група вернікаў рознага ўзросту, сярод якіх ёсць святары, сёстры законныя і семінарыст, вырушыла ў дарогу.
Біскуп Кашкевіч пэўны час суправаджаў пілігрымаў на пачатку іх шляху да Маці Божай.
У той самы дзень у Тракелі вырушыла XXIV пешая пілігрымка з Ваўкавыска.
Пілігрымы выйшлі ў дарогу пасля святой Імшы ў касцёле святога Вацлава, у якой даверылі Богу свае штодзённыя справы і бліжэйшыя пяць дзён вандравання.
Кожны дзень пілігрымкі пачынаецца святой Імшой.
У дарозе ўдзельнікі слухаюць канферэнцыі, разам моляцца і спяваюць, утвараюць вандроўную супольнасць, у якой вучацца сапраўднаму хрысціянскму братэрству і самаахвярнасці.
Нарэшце, пілігрымаванне ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях распачалі 8 ліпеня і вернікі Івейскага дэканату.
Дэвіз іх сёлетняй, ужо ХХІІ пілігрымкі, — «Марыя, атулі нашыя сем’і».
Зыходным пунктам духоўнай вандроўкі з Івейшчыны стаў касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Сурвілішках.
Маршрут пракладзены такім чынам, што на працягу пяці дзён дарогі да санктуарыя пілігрымы наведаюць усе святыні Івейскага дэканату. Па дарозе да іх далучацца новыя ўдзельнікі, сярод якіх пераважае моладзь.
У апошнія гады пілігрымка ў Тракелі з Івейшчыны была самай шматлікай, збіраючы ў свае шэрагі больш за 200 чалавек.