5 ліпеня ў Будслаў прыбудуць дзясяткі тысяч пілігрымаў, якія будуць удзельнічаць тут у святых Імшах і прымаць Камунію. Дзе падчас фэсту захоўваецца Эўхарыстычны Хлеб — Цела Хрыста, каб наталіць духоўны голад такога вялікага натоўпу?
Звычайна падчас святой Імшы католікі прымаюць Эўхарыстыю толькі ў постаці Хлеба, бо, як вучыць Касцёл, у кожнай часцінцы Цела Хрыста сапраўды, рэальна і сутнасна знаходзіцца жывы Езус Хрыстус. Хлеб і віно становяцца ў Эўхарыстыі Целам і Крывёю Хрыста, якія вернікі прымаюць у святой Камуніі — Найсвяцейшым Сакрамэнце, у якім Збаўца ўваходзіць у сэрца чалавека.
Калі Кроў Хрыста ў Эўхарыстычнай постаці віна цалкам спажываецца падчас святой Імшы, дык пераісточаны ў Цела Хрыста Эўхарыстычны Хлеб захоўваецца ў табэрнакулюме — самым пачэсным месцы ў кожным касцёле. Паколькі Цела Хрыста — гэта самая вялікая хрысціянская святыня, яна захоўваецца з належнай пашанай у прыгожа аздобленым і ў той жа час надзейным месцы. Таму месца гэтае, што называецца табэрнакулюм, робяць у выглядзе невялікай металічнай шафкі, накшталт сейфа, якая надзейна зачыняецца на ключ.
Калі падчас звычайнай святой Імшы Камунію могуць прымаць да некалькіх соцень удзельнікаў, дык у Будславе гэтая лічба на парадак большая.
На галоўных літургічных цэлебрацыях тут прымаюць Камунію столькі вернікаў, што такую колькасць Эўхарыстычнага Хлеба немагчыма нават адначасова змясціць на алтары. Тым больш немагчыма захоўваць яго ў табэрнакулюме будслаўскай базылікі.
Таму для захоўвання Цела Хрыста падчас фэсту ў Будславе падрыхтаваны адмысловы табэрнакулюм памерам… з цэлую капліцу!
Гэта асобнае памяшканне ў тоўшчы сценаў старадаўняй святыні, якое надзейна зачыняецца моцнымі металічнымі дзвярыма.
Калісьці гэты мураваны тайнік быў зроблены для захоўвання і гашэння вапны, неабходнай для будаўнічых і рамонтных працаў, якія ў вялізным касцёле вяліся амаль няспынна.
Сёння неабходнасць у гэтым адпала, і пробашч будслаўскай парафіі кс. Дзмітрый Дубовік вырашыў зрабіць тут вялікі табэрнакулюм, які адпавядае ўсім неабходным для захавання Эўхарыстыі ўмовам.
Як паведаміў Catholic.by айцец Віктар Бурлака, бэрнардын, які доўгі час з’яўляўся кусташам Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе і правёў не адзін фэст, у сярэднім тут на ўсіх Імшах удзяляецца каля 25 тысяч Камуній. У тайніку-табэрнакулюме адначасова можа захоўвацца да 50 цыборыюмаў — начынняў з Эўхарыстыяй з агульнай колькасцю каля дзесяці тысяч кансэкраваных Гостый у іх.
Яшчэ да таго, як старадаўняе памяшканне для вапны ў тоўшчы сценаў базылікі ператварылася ў табэрнакулюм, мы зазірнулі ўсярэдзіну. Тут усё чыста, строга, стрымана-ўрачыста і, галоўнае, надзейна.
Але якімі прыгожымі кветкамі ні аздабляй табэрнакулюм, як яго ні ўмацоўвай, — гэта толькі часовае месца знаходжання Хрыста, якое, хутчэй, нагадвае грабніцу.
Таму Збаўца жадае як найхутчэй пакінуць гэты прыгожы, але халодны і мёртвы прытулак і прыйсці ў ачышчанае ў шчырай споведзі і аздобленае цнотамі сэрца кожнага чалавека, якое становіцца жывым табэрнакулюмам — адзіным месцам, прыемным Богу.