Пошук


16 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, у Гервятах (Астравецкі дэканат) адзначылі парафіяльны адпуст, падчас якога ва ўнікальнай святыні маліліся разам мясцовыя вернікі, беларусы і літоўцы, а таксама высокія госці з суседняй краіны і прадстаўнікі раённых уладаў.

Велічная святыня, сапраўдная пярліна неагатычнай архітэктуры, у святочны дзень сабрала ў сваіх сценах сотні вернікаў. Цэлебрацыю адпустовай св. Імшы ўзначаліў дапаможны біскуп Віленскай архідыяцэзіі Арунас Панішкайціс, паведамляe сайт газеты «Астравецкая праўда». На ўрачыстасць прыбылі таксама шматлікія госці, у тым ліку старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін і яго намеснік Віктар Свіла, пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Андрус Пулокас, святары Астравеччыны і многія іншыя.

У прамоўленай гаміліі біскуп Арунас Панішкайціс прызнаўся, што па дарозе ў Гервяты яго найбольш узрушылі ўстаноўленыя на ростанях дарог крыжы.

Па словах літоўскага іерарха, гэта яскравае сведчанне таго, што на Беларусі, на Астравеччыне жыве Бог.

Сабраных прывітаў пробашч гервяцкай парафіі ксёндз Эліяс Анатоліюс Маркаўскас, які выказаў удзячнасць усім, хто прыехаў на свята ў Гервяты з чыстым сэрцам. У сваю чаргу старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін у сваёй прамове падкрэсліў, што фэст Найсвяцейшай Тройцы з’яўляецца яскравым пацвярджэннем плёну супрацоўніцтва свецкіх і духоўных уладаў на карысць людзей.

Малітвы, якія гучалі па-беларуску, па-літоўску і па-польску, суправаджаліся прыгожымі рэлігійнымі спевамі ў выкананні літоўскіх хораў Varpas («Звон») і Varpilė («Званіца»). Урачыстая св. Імша завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.

Выступленне лепшых калектываў і артыстаў з Літвы і Астравеччыны сабрала гледачоў на імправізаванай канцэртнай пляцоўцы. А горад майстроў, які раскінуўся вакол прыкасцёльнай плошчы, вабіў салодкімі пеўнікамі і пернікамі, вырабамі з гліны, лазы і саломкі.

У межах фэсту фотамайстар Валер Вядрэнка прэзентаваў серыю работ і фотаальбом «Містэрыі Гервятаў».

Фотавыстава складаецца з трох частак. У першай аўтар знаёміць гледача з мясцовасцю, касцёлам і яго інтэр’ерам. Стылістыку гэтай часткі вызначае час стварэння храма — пачатак ХХ стагоддзя. У другой частцы аўтар паказвае касцёл у начны час, калі ў святыні няма людзей, і яна жыве сваім адметным жыццём. Трэцюю частку складаюць фотакампазіцыі, прысвечаныя тэмам Евангелля.

Над цыклам фотаздымкаў гервяцкай святыні майстар працаваў больш за 10 гадоў: здымаў касцёл у розныя поры года і сутак, неаднойчы наведваўся ў Гервяты ў пошуках лепшага ракурсу. Плёнам гэтай тытанічнай работы стаў фотаальбом «Містэрыі Гервятаў» і аднайменная выстава — адзінае ў Беларусі фотапрысвячэнне святыні.

Падчас прэзентацыі фотамастак падараваў касцёлу 38 шырокафарматных работ з гэтай серыі, экспазіцыя якіх будзе дзейнічаць у храме пастаянна. Валер Вядрэнка і пробашч гервяцкай парафіі ксёндз Эльяс Анатоліюс Маркаўскас замацавалі гэтую падзею сваімі подпісамі ў сімвалічным акце.

«У мяне было шмат выставаў у розных краінах свету, але ніколі так не хваляваўся, як сёння, — прызнаўся фотамастак. — Мае работы нарадзіліся тут і праз дзесяць гадоў вярнуліся ў свой дом — гервяцкі касцёл.

Я дакладна ведаю, адкуль прыходзіць натхненне: гервяцкай святыні я аддаў доўг».

Ксёндз Маркаўскас шчыра падзякаваў фотамастаку і падкрэсліў, што на фотаработы трэба не толькі глядзець вачамі, але і адчуваць іх сэрцам.

Абноўлена 18.06.2019 15:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.