Пошук

15.04.2019 12:40   Catholic.by

З 22 красавіка па 11 мая ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску (пр. Незалежнасці, 44-А) пройдзe XV фестываль духоўнай музыкі «Залатагорская ліра».

Праграма:

22 красавіка, 20.00 — канцэрт арганнай музыкі

Марыя Макаранка (арган, Масква)

У праграме:
А. Вівальдзі — І. С. Бах, Д. Цыполі,
А. Вівальдзі — І. Вальтэр, І. С.Бах

Марыя Макаранка — канцэртуючая арганістка і педагог, лаўрэат міжнародных конкурсаў.

Прадстаўніца маладога пакалення расійскіх арганістаў, выпускніца Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных (2006, клас аргана — праф. А. Фісейскі, клас фартэпіяна — праф. І. Малініна). Лаўрэат Другога Міжнароднага конкурсу арганістаў імя В. Кікты (2006) і ўладальнік спецыяльнага прыза на Міжнародным фестывалі-конкурсе маладых арганістаў «Soli Deo Gloria» (2008), пераможца Усерасійскага адкрытага конкурсу фартэпіянных дуэтаў імя А. Бахчыева (2013), лаўрэат Міжнароднага конкурсу фартэпіянных дуэтаў у Манака (2013).

Першая расійская арганістка, якая ўганаравалася іграць на працэсіі ў Папы ў Ватыкане (кастрычнік 2009 г.). Стыпендыят дабрачыннага фонду «Мастацтва дабра» (2004–2006 гг.). Двойчы стажыравалася ў Летняй акадэміі арганістаў у Харлеме (2006, 2010, Галандыя). Прымала ўдзел у майстар-класах у сусветна вядомых арганістаў: Т. Троттэра, Кр. Херрыка, Г. Барбера, М. Бейкера (Вялікабрытанія), Л. Ломан, Ё. Лауквік, В. Цэрэр (Германія), А. Латры (Францыя), Т. Копман, Э. Койман, П. Кі (Нідэрланды), Я. Тума (Чэхія), Л. Гіельмі, Р. Міконі (Італія) і інш. Аўтар праекта і мастацкі кіраўнік «Летніх Асамбляў у Атрыуме Хлебнага дома» (Царыцына, Масква, ліпень 2014 г.) Выступае з канцэртамі ў Расіі, Украіне, Беларусі, Эстоніі, Фінляндыі, Германіі, Галандыі, Італіі, Чэхіі, Францыі, Нарвегіі, Англіі. Аўтар і складальнік нотнай хрэстаматыі «Пачаткоўцу арганісту» (2015).


25 красавіка, 20.00 — канцэрт арганнай і харавой музыкі

Калініка Мядзведзева (арган)

Узорны хор «Cantus» ДМШМ №9,
кіраўнік Вераніка Галасунова

У праграме:
Л. Маршан, Ё. Гайдн, Л. Хаслер, Ф. Шуберт, І. Г. Вальтэр,
К. Сен-Санс, Б. Фільц, Б. Брытэн, Ш.-М. Відор

Калініка Мядзведзева з адзнакай скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі (фартэпіяна — клас дацэнта Т. Валадзько, арган — клас дацэнта У. Неўдаха).

Прымала актыўны ўдзел у арганных канцэртах «50-годдзе аргана Вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі», Калядныя вечары ў касцёле Найсв. Тройцы (св. Роха) і архікатэдральным касцёле Найсв. Імя Марыі, праекце «Акадэмія старадаўняй музыкі» БДАМ. З 2018 года выступае з сольнымі канцэртамі ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску. Акрамя выступленняў у Беларусі, прымала ўдзел у Акадэміі старадаўняй музыкі ў Грацы (Аўстрыя), стажыроўцы па выкананні на старадаўніх клавішных інструментах у Цэнтры Леапольда Моцарта ў Аўгсбургу (Германія), а таксама майстар-класах Ё. Трумэра (Аўстрыя), М. Стэфаньскага (Польшча), К. Шмідта (Германія).


27 красавіка, 20.00 — канцэрт вакальнай музыкі да 200-годдзя С. Манюшкі «Польская вакальная лірыка»

Назарый Кахаля (тэнар, Беласток)
Малгажата Марчык (фартэпіяна)

У праграме: С. Манюшка, Ф. Шапэн, І. Я. Падэрэўскі

Назарый Кахаля — выпускнік Беластоцкага аддзялення Музычнага ўніверсітэта імя Ф. Шапэна, інструментальна-педагагічнай кафедры.

Зараз вучыцца на вакальным аддзяленні Акадэміі музыкі ў Быдгашчы ў класе Адама Здунікоўскага. Удасканальваў сваё вакальнае майстэрства ў Акадэміі музыкі імя М. Лысенкі ў Львове пад кіраўніцтвам прафесара В. Дудара. Неаднаразова прымаў удзел у семінарах і вакальных курсах Стэфана Пятнычкі і Вольгі Пасечнік.

Уладальнік узнагародаў на нацыянальных і міжнародных конкурсах вакалістаў I. Маланюка (Украіна), Міжнароднага конкурсу вакалістаў у Кіеве (2014, Першая прэмія), XIV Нацыянальным конкурсе С. Манюшкі (2017 г.).

У сезоне 2018/2019 года дэбютаваў на сцэне Оперы Нова ў Быдгашчы, выступае ў канцэртах з опернымі, аратарыяльнымі і камернымі вакальнымі творамі.

Малгажата Марчык — выпускніца Беластоцкага аддзялення Музычнага ўніверсітэта імя Ф. Шапэна (2014, праф. Ежы Маціеўскі).

Стажыравалася ў Эстонскай акадэміі музыкі і тэатра ў Таліне пад кіраўніцтвам праф. П. Ласмана. Стажыравалася на майстар-класах па сольным і камерным фартэпіянным выкананні ў Польшчы і за яе межамі. У 2013 г. брала ўдзел у міжнародным праекце «I, Culture Orchestra» пад кіраўніцтвам Лукаша Bаровіча і Кірыла Карабіца. Выступае з канцэртамі ў многіх гарадах Польшчы і за мяжой. У сваіх камерных праграмах робіць ухіл на выкананне твораў польскіх кампазітараў XIX–XX ст. Зараз працуе піяністам-інструктарам у Музычным універсітэце імя Ф. Шапэна ў класе Адама Здунікоўскага.


28 красавіка, 13.30 — хор «Залатая Горка»

мастацкі кіраўнік Святлана Шэйпа

У праграме: традыцыйныя велікодныя спевы, творы М. Гараў, І. Антаніні

Калектыў створаны ў 1991 годзе з парафіяльнай моладзі касцёла на Залатой Горцы.

Хор стаў лаўрэатам I Міжнароднага фестывалю хрысціянскай духоўнай музыкі «Магутны Божа», з канцэртамі пабываў у Польшчы, Аўстрыі і Украіне, рэгулярна выступае ў Беларусі і кожную нядзелю ўдзельнічае ў набажэнствах у мінскім касцёле Найсв. Тройцы (св. Роха), выступае ў музейных імпрэзах, навуковых канферэнцыях, тэлевізійных перадачах. Тры «выпускніцы» хору з’яўляюцца сёстрамі дамініканкамі. З прыходам у 1998 годзе новага мастацкага кіраўніка Святланы Шэйпы рэпертуар калектыву, багаты на старадаўнюю беларускую духоўную музыку, папоўніўся ўнікальнымі творамі беларускіх кампазітараў ХІХ стагоддзя: Э. Гірдо, С. Манюшкі, І. Глінскага і інш.


11 мая, 20.00 — канцэрт музыкі для клавесіна

Таццяна Халева (клавесін)

У праграме:
Ж. А. д’Англебер, І. С. Бах,
Д. Фрэскабальдзі, Ф. Куперэн,
Я. П. Свелінк

Таццяна Халева — клавесіністка і музыказнаўца. Выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (2010, музыказнаўства).

Падчас вучобы ў акадэміі наведвала факультатывы па спецыяльнасці арган і клавесін (клас дацэнта У. Неўдаха).

У перыяд з 2004 па 2012 гг. прымала актыўны ўдзел у праекце БДАМ «Акадэмія старадаўняй музыкі», у межах якога праходзілі майстар-класы з выбітнымі еўрапейскімі музыкамі. Пастаянная ўдзельніца ансамбля старадаўняй музыкі БДАМ «Бахаўскі гурток».

У 2017 годзе атрымала дыплом бакалаўра па спецыяльнасці клавесін у Кансерваторыі прынца Клаўса (Гронінген, Нідэрланды), дзе вывучала мастацтва ігры на клавесіне, Баса канцінуа і фартэпіяна. Пасля заканчэння кансерваторыі прайшла курс абслугоўвання і настройкі клавесінаў у майстра Франса Дрысенса (Гронінген). Удзельнічала ў майстар-класах Piccola Accademia di Montisi на фестывалі Ou de Muziek Utrecht 2017 з Марко Менкабоні, П’ерам Анта, Рычардам Эгарам; майстар-класах Нідэрландскага клавесінага таварыства з Тонам Копманам, Ларанам Сцюартам і Эдуарда Валарзам.

Рэалізавала два аўтарскія праекты «Танцавальныя формы ў барочнай музыцы» і «50 стандартаў для танцу».

Уваход на ўсе канцэрты вольны. Добраахвотныя ахвяраванні можна скласці на выхадзе з касцёла.

Абноўлена 10.05.2019 10:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.