Пошук

14.11.2018 14:44   Catholic.by

15 лістапада ў канферэнц-зале гатэля «Манастырскі» (Мінск, вул. Кірыла і Мяфодзія, 6) пройдзе прэзентацыя кнігі Аляксандра Смаленчука «Раман Скірмунт (1868-1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю». Пачатак у 18.00.

Род Скірмунтаў вядомы на Беларусі ў тым ліку як уладальнік маёнткаў на Ашмяншчыне, Магілёўшчыне, Піншчыне і іншых рэгіёнаў. Многія прадстаўнікі роду былі фундатарамі каталіцкіх і праваслаўных святыняў.

Аўтар манаграфіі — Аляксандр Смалянчук, вядомы даследчык нацыянальных працэсаў на землях гістарычнай Літвы, адзін з заснавальнікаў анлайн-праекта «Беларускі архіў вуснай гісторыі».

Даследаваннем асобы Рамана Скірмунта і ягонай палітычнай і гаспадарчай дзейнасці займаецца больш за 20 гадоў.

Аўтар збіраў звесткі ў архівах Беларусі, Польшчы, Германіі, Расеі, Украіны, Літвы і Латвіі. Апроч таго аналізаваў тэксты ягоных кніг і шматлікіх публікацый у перыядычным друку Расіі, БНР і Польшчы 1900-1930-х гг.

Кніга напісаная ў жанры гістарычнай біяграфістыкі. Асаблівасцю з’яўляецца ўключэнне ў аналітычны тэкст фрагментаў гістарычных дакументаў, публіцыстыкі Рамана Скірмунта і ягоных прамоваў.

Аповед пра Рамана Скірмунта запрашае чытача да размовы пра лёс Беларусі і Польшчы ў ХІХ–ХХ ст., суадносіны нацыянальнага і сацыяльнага ў айчыннай гісторыі, драму літоўскіх і беларускіх палякаў у эпоху этнакультурнага нацыяналізму, краёвую ідэю і краёўцаў як апошніх грамадзян Вялікага княства Літоўскага, іх пошукі новай Радзімы, а таксама пра гісторыю шляхты гістарычнай Літвы ў перыяд кардынальных сацыяльных пераўтварэнняў.

Адначасова ягоны жыццяпіс уздымае праблему сутнасці беларускай ідэі і яе папулярнасці, зноў ставіць пытанні пра адзінства беларускага руху і ролю г. зв. «чалавечага фактару» ў палітычным і культурным Адраджэнні ХХ ст., пра шансы адстаяць незалежнасць БНР у 1918 г. і тым самым далучыцца да супольнасці еўрапейскіх дзяржаў як «вольная з вольнымі і роўная з роўнымі».

Кніга выйшла ў выдавецтве Змітра Коласа пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

Абноўлена 15.11.2018 11:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа