Пошук

26.03.2019 11:48   Мікола Гракаў / Catholic.by

Ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка святой Імшой за Беларусь і беларускі народ завяршыліся велікапосныя рэкалекцыі ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай.

Першапачаткова планавалася, што гэтая Імша будзе цэлебравацца ў «старым» касцёле будслаўскай базылікі, але з-за вялікай колькасці вернікаў цэлебрацыя адбылася на старажытным алтары перад цудадзейным абразом. Яе ўзначаліў пробашч парафіі ў Будславе кс. Дзмітрый Дубовік, на якім у гэты асабліва ўрачысты дзень было адмысловае святарскае адзенне — арнат са слуцкіх паясоў, што лічацца адным з найбольш вядомых старажытнабеларускіх «брэндаў».

На пачатку св. Імшы кс. Дзмітрый адзначыў, што невыпадкова менавіта ў дзень Звеставання Пана 101 год таму адбылося абвяшчэнне першай у гісторыі нашай краіны рэспублікі, што стала адным з крокаў на цярністым шляху да незалежнасці.

Рэкалекцыйную навуку ў форме гаміліі падчас св. Імшы прамовіў кс. Віталій Сідорка, доктар тэалогіі. Завяршаючы велікапосныя духоўныя практыкаванні ў адной з самых вядомых каталіцкіх супольнасцяў Беларусі, святар засяродзіў увагу ўдзельнікаў рэкалекцый і ўсіх прысутных на выкананнi Божай волі па прыкладу Найсвяцейшай Панны Марыі.

«У жыцці кожнага чалавека бываюць моманты, калі неабходна яшчэ раз уважліва прыгледзецца да свайго паклікання; да тых заданняў, якія кожнаму з нас вызначае Бог. Бог не чакае ад чалавека сляпога безэмацыйнага падпарадкавання: Ён жадае нармальных адносінаў, пабудаваных на дыялогу. Гэты дыялог паміж чалавекам і Богам адбываецца ў малітве.

Так, як Марыя задавала Богу пытанні адносна свайго задання стаць Маці Збаўцы, так і мы можам задаваць Богу пытанні адносна нашага жыццёвага паклікання, размаўляць з Ім, можа, нават спрачацца.

Але не для таго, каб бунтаваць, а каб лепш зразумець Яго пакліканне і належным чынам выканаць Яго волю так, як зрабіла гэта Марыя», — падкрэсліў кс. Віталій.

Ягоныя словы асабліва вымоўна гучалі ў Нацыянальным марыйным санктуарыі, дзе ўжо не адно стагоддзе Марыя паказвае заблукалым надзейны шлях да свайго Боскага Сына, якога Яна дзевяць месяцаў насіла пад сваім Беззаганным Матчыным Сэрцам.

Як адказ на Божы заклік у малітве вернікаў прагучала просьба аб навяртанні беларускага народа да яго спрадвечных хрысціянскіх каштоўнасцяў, каб з дапамогаю Марыі нашы суайчыннікі будавалі дабрабыт сваёй краіны ў духу сапраўднай свабоды і адказнасці перад Богам і перад будучымі пакаленнямі.

На заканчэнне св. Імшы і велікапосных рэкалекцый будслаўскія парафіяне шчыра падзякалі кс. Віталію Сідорку і падаравалі яму копію цудатворнага абраза Маці Божай, каб яна няспынна спадарожнічала яму ў яго святарскім служэнні дзеля большай хвалы Божай і на карысць вернікам.

Завяршылася св. Імша малітвай да святога Міхала Арханёла, апекуна Касцёла на Беларусі, і традыцыйнай марыйнай антыфонай «Тваёй абароне», першыя словы якой вянчаюць галоўны алтар базылікі, з якога Маці Божая Будслаўская, трымаючы на руках Дзіцятка Езуса, благаслаўляе Беларусь і яе народ.

Абноўлена 26.03.2019 18:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.