Пошук

26.03.2018 12:53   Марыя Багдановіч / Фота: Павел Галімаў / Catholic.by

25 сакавіка, у Пальмовую нядзелю, у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава маліліся за Беларусь у 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).

Узначаліў Эўхарыстыю дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскі вікарый Магілёўскага рэгіёна Аляксандр Яшэўскі SDB.

Іерарх нагадаў пра дзве галоўныя падзеі гэтай нядзелі.

«Першая — гэта Пальмовая нядзеля, або нядзеля Мукі Пана, якой распачынаецца самы важны і ўрачысты перыяд у літургічным годзе — Вялікі тыдзень. Менавіта нядзеля Мукі Пана ўводзіць нас у настрой пасхальных святаў і праз засяроджанасць, суцішанасць, пакаянне і паяднанне з Богам рыхтуе нас да іх.

Сёння бачу шмат людзей, бачу новыя твары і вельмі цешуся. Аднак прашу вас, дарагія браты і сёстры, зразумець, што ў касцёл трэба прыходзіць не толькі на вялікія святы. Перажываць таямніцу Богаўцелаўлення, Яго Муку, Смерць і Уваскрасенне трэба кожную нядзелю і кожны дзень», — заўважыў біскуп.

«Другая падзея — гэта наша супольная малітва за Беларусь, нашу Бацькаўшчыну, у 100-годдзе абвяшчэння БНР. У гэты дзень Усебеларускі з’езд гарантаваў права на свабоду сумлення, што для нас, хрысціян, з’яўляецца важным правам.

Нашыя продкі жадалі будаваць незалежнасць Бацькаўшчыны і шчасце яе жыхароў на Божых падмурках, і сёння мы молімся, каб гэтае жаданне ўцелаўлялася ў жыццё.

Каб мы не толькі вызнавалі свае хрысціянскія карані і культуру, а будавалі сучасную Беларусь і фармавалі яе народ на фундаменце Евангелля, ставячы на першае месца Божы закон».

Падчас гаміліі біскуп засяродзіў увагу на адным пытанні:

«Ці можна быць вольнымі ад трыумфалізму, пампезнасці, зорнай хваробы, пошуку выгады выключна для сябе? Ці можна ўвекавечыць сваё дзеянне ў прастаце, сціпласці, акцэнтуючы ўвагу людзей не на сабе, а на Богу? Веруючы без сумнення адкажа „так“.

Аднак неабходна памятаць пра тры рэчы: першае — для таго, каб здзяйсняць вялікія Божыя справы з пакорай, мы спачатку павінны пераканацца, што яны адпавядаюць волі Бога. Іншымі словамі, не можа быць ніякіх сумненняў у тым, што Бог хоча, каб яны былі зробленыя, і што гэта менавіта я, а не хтосьці іншы, павінен зрабіць.

Другое — для здзяйснення з пакорай вялікіх справаў, якія ў некаторых будуць абуджаць захапленне і энтузіязм, а ў іншых выклікаць гнеў або нянавісць, яны павінны быць старанна і таемна падрыхтаванымі.

Езус у найвялікшай таямніцы, нават ад самых надзейных, рыхтаваў свой трыумфальны ўезд у Ерузалем, каб пасля памерці для збаўленне свету! Гэтая таемнасць збаўчага плану Езуса, прызначаная Богам, стаіць на пакорнай службе яго здзяйснення.

І трэцяе — для здзяйснення з пакорай вялікіх справаў трэба ўмець выкарыстоўваць такія сродкі і магчымасці, якія ў гэты момант даступныя.

Езус уязджае ў Ерузалем на асле, а не на залатой калясніцы. Асёл пакрываецца не залатым покрывам, але зношанымі, потнымі, бруднымі плашчамі вучняў. Не было таксама чырвонай дывановай дарожкі, па-майстэрску выкладзенай кветкамі, а былі вопраткі людзей і пальмовыя галінкі.

Прастата, штодзённасць, беднасць праявіліся ў паслухмянасці Богу і ў малітве: „Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Благаслаўлёнае Валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасанна на вышынях!“»

«З пакорай можна рабіць вялікія справы! Гэта пацвярджае Хрыстус і Яго трыумфальны ўезд у Ерузалем, каб памерці дзеля таго, каб чалавек мог жыць! Ніколі не забудземся пра гэта і будзем абвяшчаць гэтую праўду сучаснаму чалавеку», — завяршыў сваю гамілію іерарх.

На завяршэнне Імшы біскуп памаліўся за Беларусь, просячы заступніцтва Маці Божай і ўсіх святых нашай беларускай зямлі:

«Духу Святы, спашлі свае дары на тых, хто кіруе сёння лёсам нашай Бацькаўшчыны, і на ўвесь наш народ, каб мы, слухаючы Тваё натхненне ў асабістым і грамадскім жыцці, жылі паводле святого Божага закону».

Абноўлена 26.03.2018 16:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа