Пошук

25.03.2018 14:19   Catholic.by

Мінск, архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, 25 сакавіка 2018 г.

Божа, благаславі Беларусь

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца Пальмовая нядзеля, набажэнства якой складаецца з дзвюх частак: з асвячэння вербаў і працэсіі з імі, а таксама з Эўхарыстыі. Падчас першай часткі чытаецца евангельскі аповед пра ўрачысты ўваход Езуса ў Ерузалем, а падчас Эўхарыстыі – урывак пра Муку Езуса Хрыста.

Гэтыя дзве часткі сённяшняга набажэнства паказваюць чалавека такім, якім ён з’яўляецца на самой справе, – здольным і праслаўляць Бога, і выступаць супраць Яго.

Ужо ў раі, створаны паводле вобразу і падабенства Божага, чалавек узбунтаваўся супраць Бога, праявіў сваю непаслухмянасць у адносінах да Яго і гэтым самым распачаў барацьбу з Ім. Падчас доўгага, працягласцю ажно 40 гадоў, пераходу з егіпецкага рабства ў абяцаную зямлю габрэі праслаўлялі Бога і адначасова наракалі на Яго. Чытанні пра ўрачысты ўваход у Ерузалем і Муку Пана таксама паказваюць, што адзін і той жа чалавек можа спяваць узвышаны гімн «Гасанна» ў гонар Хрыста, а праз некалькі дзён прасіць Пілата Яго ўкрыжаваць.

Мы павінны спытаць у саміх сябе, да якога тыпу людзей адносімся: да тых, хто заўсёды застаецца верным Богу і Яго закону, ці тых, хто вагаецца, як галінкі дрэва на вятры, паддаючыся тэндэнцыям часу і плывучы па цячэнні сучаснага секулярнага свету. Здавалася б, так лягчэй, але гэта небяспечна, бо рака секулярнага цячэння нясе чалавека ў мора бязвер’я і граху, з якога самому не выбрацца.

Калі спартсмен не падымае планкі патрабаванняў да сябе, то не ўдасканальваецца і не стане алімпійскім чэмпіёнам. Падобна і чалавек, калі не плыве супраць цячэння грахоўных тэндэнцый, то не будзе духоўна развівацца. Гісторыя вучыць, што адбываецца, калі чалавек адыходзіць ад Бога. А гісторыя – гэта «маці-настаўніца», і да яе голасу неабходна прыслухоўвацца. Неабходна прыслухоўвацца асабліва сёння, калі мы адзначаем юбілей 100-годдзя абвяшчэння Беларусай Народнай Рэспублікі.

2. 25 сакавіка Касцёл адзначае свята Звеставання Пана. Мы ўспамінаем тую знакавую падзею, калі арханёл Габрыэль абвясціў Марыі, што Бог выбраў Яе як Маці Збаўцы. Марыя адказала на гэтую Божую прапанову сваім слаўным «Fiat» – «Няхай мне станецца паводле твайго слова». «Fiat» Марыі змяніла гісторыю свету, бо распачаўся час збаўлення.

Сёлета з-за таго, што Пальмовая нядзеля прыпадае на 25 сакавіка, свята Звеставання Пана пераносіцца на 9 красавіка. Тым не менш, вельмі сімвалічна, што Устаўная грамата аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі была прынята ў свята Звеставання Пана. Гэтым самым тыя, хто яе падпісаў, абвясцілі свету аб заснаванні новай дзяржавы. Хоць яе далейшы лёс быў вельмі складаным і не прывёў да чаканага выніку, тым не менш сам факт з’яўляецца вельмі красамоўным, бо паказвае імкненне беларускага народа да незалежнасці. Таму сённяшняе свята 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі – гэта свята «звеставання» беларускай незалежнасці і дзяржаўнасці.

3. Гісторыкі і даследчыкі яшчэ не сказалі апошняга слова аб гэтай знакавай падзеі ў гісторыі нашага народа і павінны нямала папрацаваць, каб даць адказ, які задавольваў бы ўсіх. Аднак ужо сёння з поўнай упэўненасцю можна сцвярджаць, што яна стала паваротным момантам у гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

Ацэньваючы падзеі стогадовай даўнасці, мы імкнёмся таксама зазірнуць у будучыню. Бог не адзін раз паказаў і далей паказвае, што часовыя перамогі і радасці могуць стаць горкім паражэннем, калі мы адракаемся ад Яго, імкнёмся толькі да асабістага шчасця, не бачым патрэбаў бліжняга і не думаем пра агульнае дабро грамадства.

Амерыканскія індзейцы казалі, што рашэнні неабходна прымаць так, каб яны служылі сямі пакаленням, якія будуць жыць пасля нас. Мы, як хрысціяне, павінны прымаць такія рашэнні, якія адпавядаюць нашаму пакліканню да вечнага жыцця.

Таксама і грамадства на трывалай аснове можна будаваць толькі тады, калі мы ўмеем бачыць больш далёкую перспектыву, чым наша асабістае жыццё, і не важна, ці будзе гэта сем пакаленняў пасля нас, ці цэлая вечнасць. Мы павінны заўсёды памятаць аб тым, што супольнае дабро грамадства вынікае з асабістай адказнасці кожнага грамадзяніна за яго.

Для гэтага неабходна, каб нашы рашэнні і інтэнцыі абапіраліся не толькі на рацыянальны чалавечы розум, але і на нязменны і заўсёды актуальны Божы закон. Мы павінны адчуваць сваю адказнасць перад Богам і будучымі пакаленнямі за нашу Бацькаўшчыну, за яе законы, за сацыяльную справядлівасць, за выхаванне маладога пакалення, за будучыню сям’і і кожнага асобнага чалавека.

4. Якой Бог хоча бачыць Беларусь? Найперш Ён хоча бачыць яе як краіну, пра насельнікаў якой будуць казаць: «Паглядзіце, як яны любяць адзін аднаго», – любяць, каб на духоўных каштоўнасцях будаваць адзіную дэмакратычную Беларусь.

Святкуючы юбілей 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, мы не толькі ўспамінаем мінулыя падзеі, але з надзеяй глядзім у будучыню. Беларусь – гэта зямля мучанікаў, вызнаўцаў і сведкаў веры, дзякуючы якім яна была не толькі захавана ў часы ганенняў, але і перададзена маладым пакленням. Гэта зямля сумленных працаўнікоў, якія заўсёды адраджалі яе пасля шматлікіх ваенных разрух і катастрофаў, як, напрыклад, Чарнобыльская, і працягваюць гэта чыніць далей. Гэта зямля выдатных вучоных, медыкаў, архітэктараў, мастакоў, літаратараў, артыстаў і г.д., якія развівалі і далей развіваюць яе эканамічны, навуковы і культурны патэнцыял.

Беларусь – гэта ўсеяная крыжамі, капліцамі і касцёламі зямля, якая духоўна адраджаецца пасля трох пакаленняў ганенняў на веру. Гэта таксама зямля, для якой характэрны шматлікія марыйныя санктуарыі і вельмі моцна распаўсюджаная марыйная пабожнасць.

Сёння, калі наша Бацькаўшчына адзначае юбілей 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, Тваёй апецы, Марыя – наша духоўная Маці, давяраем дзяцей, каб яны выраслі веруючымі і сумленнымі стваральнікамі будучыні Беларусі.

Давяраем моладзь, каб яна рупліва шукала праўду і без ваганняў адказвала на сваё пакліканне.

Давяраем нашыя сем’і, каб яны былі крыніцаю жыцця, школаю веры і хрысціянскага выхавання маладога пакалення, а таксама падмуркам гарманічнага развіцця беларускага грамадства.

Давяраем кіраўнікоў дзяржавы, каб яны мудра, адказна і ахвярна служылі нашаму народу.

Давяраем працуючых людзей, каб іх сумленная праца не толькі спрыяла ўдасканальванню нашага грамадства і памнажала яго дабрабыт, але і дапамагала дасягнуць святасці.

Давяраем хворых, церпячых, вязняў і бедных, каб у імя любові да бліжняга яны былі ахінутыя плашчом людской дапамогі.

Давяраем імкненне нашага народа будаваць беларускае грамадства на духоўных каштоўнасцях.

Марыя, Маці Божая і наша духоўная Маці, якую ўшаноўваем у будслаўскім, тракельскім, браслаўскім, лагішынскім і іншых санктуарыях нашай краіны, пад Тваю абарону прыбягаем, апякуйся намі і маліся за нас!

Святы арханёле Міхале, пераможца злога духа і нябесны апякуне Беларусі, барані нас ад усялякага зла, якое пагражае нам у час, калі свет адкідвае Бога і жыве так, як быццам Ён не існуе.

Нашы продкі падчас ганенняў сваім хрысціянскім сведчаннем і нават мучаніцтвам паўтарылі словы, з якімі ты выступіў супраць анёлаў, што ўзбунтаваліся: «Хто ж як Бог!» Дапамажы нам у новых сацыяльна-палітычных абставінах, калі, з аднаго боку мы цешымся свабодай веравызнання, а з іншага – павінны бараніць веру перад ціскам секулярызму і супрацьстаяць амаральным выклікам сучаснасці.

Сёння, святкуючы 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, звяртаемся да Цябе, святая Марыя, і цябе, святы арханёле Міхале, заступайцеся за нас і выпрошвайце нам у Бога ласку, каб мы выбіралі сваю будучыню згодна з Яго воляю і ўсім сваім жыццём праслаўлялі прыходзячага ў наш беларускі Ерузалем Хрыста словамі сённяшняга Евангелля: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана». Няхай Ён заўсёды прысутнічае ў нашым жыцці і дапамагае будаваць заўтра нашай Бацькаўшчыны на евангельскіх каштоўнасцях. У новы шлях з Богам, наша любая Бацькаўшчына!

На сённяшняе свята і на шчаслівую будучыню благаславі, Божа, Беларусь! Амэн.

Абноўлена 25.03.2018 22:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця