Пошук

21.05.2018 11:28   Catholic.by

Элана Лыскова больш ведаюць як мастака-фатографа, таму гэта выстаўка для яго — своеасаблівы творчы эксперымент і пошук сябе як творчай асобы.

На экспазіцыі будуць прадстаўлены творы жывапісу і графікі, якія мастак ствараў на працягу некалькіх апошніх гадоў.

Першая персанальная выстаўка Элана Лыскова пад назвай «Крыж Божай любові» адкрыецца 1 чэрвеня ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» (Палац Рэспублікі, Кастрычніцкая плошча, 1). Пачатак у 18.00.

Асноўная тэма яго карцін — гэта Бог і Яго бязмежная любоў. Ведаючы біблейскія сюжэты, аўтар у своеасаблівым стылі ўвасабляе іх на палотнах пры дапамозе фарбаў ці фламастараў.

Яго работы — гэта не толькі гульня кантрастаў і незвычайнага каларыту, але і асаблівы погляд на герояў сваіх палотнаў.

Напрыклад, Хрыста на адной са сваіх карцін мастак намаляваў як звычайнага, стомленага пасля цяжкай працы чалавека ў цяслярнай майстэрні. Амаль усе карціны Лыскова прасякнуты сімваламі веры і асабістымі роздумамі.

Акрамя выяў святых Элан піша партрэты людзей, якія ўвайшлі ў гісторыю як пакутнікі веры і Апосталы свайго часу. Тэме святарства і паклікання прысвечана не адна кампазіцыя аўтара.

Элан Лыскоў — практыкуючы вернік, і менавіта ў святыні да яго прыходзілі новыя ідэі.

Пра сваю выстаўку Элан Лыскоў кажа так:

«Калі спаткаў Езуса, то ўсё змянілася ў маёй творчасці. Я атрымаў магчымасць адрозніваць колеры, адрозніваць чорны ад белага. Калі думкі сталі больш простымі, мне стала лягчэй іх пераказваць. Такія простыя думкі, як: „Бог ёсць Любоў“ альбо яшчэ прасцей: „Бог ёсць“ дапамаглі мне адрозніваць і выбіраць больш адважна. Каб намаляваць нейкі вобраз, патрэбны адвага і сілы, іх я атрымаў у малітве. Крыж Божай Любові — гэта проста. Любоў Езуса не дазваляе мне больш несці мой крыж аднаму, таму я шчаслівы мастак, вельмі шчаслівы».

Куратар выстаўкі — мастак Надзея Бука. Выстаўка працягнецца да 17 чэрвеня 2018 года.

Абноўлена 21.05.2018 11:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.