Усе сем’і, святары і ўдзельнікі ўсіх сямейных рухаў запрашаюцца на святую Імшу і аплаткавую сустрэчу, якая адбудзецца 6 студзеня ў 11.00 у мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены (Чырвоны касцёл).
У гэты святочны дзень, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, сем’і змогуць атрымаць асаблівае благаслаўленне дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага на наступны год, прыняць удзел у біблійнай латарэі ад сямейнага руху «Сужэнскія сустрэчы», падзяліцца аплаткай і добрымі словамі, віншуючы адзін аднаго, разам падзякаваць Езусу за адыходзячы год, а таксама парадаваць сваіх дзяцей пачастункамі з салодкага стала.
Кожная сям’я мае вялікую вартасць у вачах нованароджаннага Езуса, мае вялікую каштоўнасць для Касцёла і тых людзей, якія нас атачаюць. Наш клопат пра адносіны ў сваёй сям’і — гэта асаблівы дар і магчымасць кожны дзень набліжацца да прыкладу Святой Сям’і з Назарэта.
Кожны касцёльны сямейны рух дапамагае сем’ям на гэтым шляху да святасці, да паглыблення свайго кахання, узаемаразумення і прабачэння. Будзем разам дзякаваць Езусу за магчымасць любіць і дарыць любоў праз сакрамэнт сужэнства, дзяліцца аплаткай і радасцю са святарамі і сем’ямі падчас сустрэчы пасля святой Імшы.
Запрашайце на дзяленне аплаткай усе сем’і, якія носіце ў сваіх сэрцах.