12 снежня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Кракаўскія калядныя батлейкі». Экспазіцыя падрыхтавана Гістарычным музеем Кракава і Польскім Інстытутам у Мінску.
Напярэдадні зімовых святаў музей запрашае дзяцей і дарослых здзейсніць падарожжа ў дзівосны свет гісторыі кракаўскіх батлеек. Наведвальнікаў чакае святочны настрой ад набліжэння непаўторнага часу, атмасфера цеплыні і радасці ад знаёмства з прыгожым.
Кракаўскія батлейкі (ад польскага — Betleem — назва Бэтлеема) — гэта багата аздобленыя сцэны Божага Нараджэння з архітэктурнай спасылкай на адметнасці Кракава. Стылёвая разнастайнасць кракаўскіх касцёлаў стала для стваральнікаў батлейкі крыніцай натхнення. Гэтая форма батлейкі сфармавалася ў XIX ст., распаўсюдзілася ў XX ст. і культывуецца дагэтуль, з’яўляючыся правобразам сучасных батлеек.
Гістарычны музей Кракава з 1946 года ладзіць штогадовыя конкурсы і выстаўкі батлеек, якія вылучаюцца надзвычайнай рэлігійнай, мастацкай, патрыятычнай і гістарычнай каштоўнасцю. Рэгламент на роўных правах дапускае да ўдзелу ў конкурсе працы прафесіяналаў (архітэктараў, мастакоў) і мастакоў-аматараў.
На дадзенай выстаўцы прадстаўлены батлейкі з фондаў Гістарычнага музея горада Кракава, якія атрымлівалі найвышэйшыя адзнакі і ўзнагароды. Адметнасцю кракаўскіх батлеек з’яўляюцца сцэны з персанажамі гістарычнымі (каралямі, нацыянальнымі героямі, заслужанымі і вялікімі палякамі) і легендарнымі (напрыклад, Трубачом, панам Твардоўскім). Некаторыя батлейкі маюць сучасныя і складаныя механізмы, а таксама ўбудаваныя музычныя рашэнні, з якіх гучаць мелодыі кракаўскіх песень або найбольш папулярныя калядкі.
Адкрыццё выстаўкі пройдзе па адрасе:
г. Мінск, вул. К. Маркса, 12
Кошт наведвання выстаўкі (уваходзіць у кошт агляду экспазіцыі музея):
- 7 руб. — дарослыя;
- 5,5 руб. — студэнты;
- 4 руб. — школьнікі
Тэлефон для даведак: (8017) 327 43 22