«Усё, што вы ўчынілі аднаму з гэтым братоў Маіх меншых, Мне ўчынілі» (Мц 25, 40)
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі, дабрадзеі і сябры нашай Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску!
Ужо стала традыцыяй, што кожны год ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, нашыя клерыкі разам са святарамі-фарматарамі наведваюць парафіяльныя супольнасці, каб сустрэцца з вернікамі, выказаць падзяку за духоўную і матэрыяльную падтрымку, разам памаліцца і пацвердзіць сваю малітоўную лучнасць і памяць у кожнай патрэбе.
Наша пінская alma mater перажывае ўжо 92-і год з моманту заснавання Слугой Божым біскупам Зыгмунтам Лазінскім і 17-ы год з моманту адраджэння Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам, Сведкам веры.
Семінарыю нездарма называюць сэрцам Касцёла, бо яна дзеліць усе лёсы духавенства і вернікаў, разам перажывае іх асабістыя радасці і боль. Азіраючыся на амаль векавую гісторыю нашай семінарыі, бачым, як яе заснавальнікі — біскупы і святары, фарматары і прафесары, клерыкі і свецкія супрацоўнікі — ішлі плячо ў плячо з тымі, хто клапаціўся пра адраджэнне Касцёла ў пачатку ХХ стагоддзя, хто годна прайшоў Крыжовы шлях і Галготу Другой сусветнай вайны, канцлагераў, выгнанняў і пасляваеннага ваяўнічага атэізму, хто знайшоў сілы ўзняцца з попелу і з дапамогай Божай ласкі зноў працуе над адраджэннем веры і духу нашага народа.
Сёння мы ўдзячныя Богу за тых нашых папярэднікаў, якія выйшлі са сцен духоўнай семінарыі ў Пінску і ўзнесены да хвалы алтара. Гэта перадусім наш выпускнік, благаслаўлёны святар-мучанік Мечыслаў Багаткевіч. Гэта таксама Слугі Божыя біскуп Зыгмунт Лазінскі і ксёндз Аляксандр Зянкевіч. А таксама вялікія пастыры, якія з неверагоднай сілай духу здалі экзамен са свайго святарства, сярод якіх выхаванцы нашай семінарыі: кардынал Казімір Свёнтэк, які яе адрадзіў у 2001 г., ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі, які рыхтаваў кандыдатаў да святарства ў цяжкія часы атэізму, і шматлікія іншыя сведкі веры нашай Айчыны.
Духоўная семінарыя ў Пінску — гэта не толькі вялікая і слаўная гісторыя. Гэта таксама поўная дынамізму сучаснасць. Мы ўдзячныя Богу і ўсім, хто моліцца за клерыкаў, бо ў апошнія гады колькасць семінарыстаў пачала ўзрастаць.
На першы курс сёлета паступіла восем новых кандыдатаў да святарства. Юнакі з розных парафій усё больш упэўнена наведваюць духоўную семінарыю, разважаючы над голасам паклікання. Тая цяперашняя дваццатка клерыкаў, якія жадаюць прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і людзям, — гэта надзея і радасць Касцёла.
Цешымся таксама, што 23-асабовы прафесарскі склад нашай семінарыі ўсё больш папаўняецца выпускнікамі пінскай alma mater. Старэйшая выкладчыцкая супольнасць са шматгадовым досведам выхаваўчай і навукова-дыдактычнай працы папаўняецца новым пакаленнем святароў з навуковымі ступенямі ліцэнзіятаў і доктараў тэалогіі, атрыманымі ў каталіцкіх універсітэтах Італіі, Швейцарыі і Польшчы.
Супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай cемінарыі ў Пінску памятае ў штодзённых малітвах пра кожнага дабрадзея і просіць Хрыста, Валадара Сусвету, каб шчодра аддзячыў сваімі ласкамі і благаслаўленнямі кожнаму за духоўную і матэрыяльную падтрымку. А таксама заклікае надалей маліць Міласэрнага Езуса, Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё (пар. Лк 10, 2). Бо Божая ніва Касцёла ў Беларусі ўсцяж патрабуе новых святых душпастыраў.
Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Каралева Апосталаў, атуліць сваім заступніцтвам кожнага, хто малітвай і чынам падтрымлівае навучэнцаў нашай Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі, бо яны — надзея і будучыня нашага Касцёла.
З падзякай і памяццю ў малітве.
кс. Андрэй Рылка, рэктар,
удзячная супольнасць фарматараў і клерыкаў духоўнай семінарыі ў Пінску
Пінск, 21 лістапада 2017 г.