Пошук

06.11.2024 16:44   Фота: Кс. Чэслаў Ладыка / Catholic.by

6 лістапада ў Пінску працягнуліся рэкалекцыі для каталіцкіх біскупаў з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі.

Першыя ў нашай краіне адмысловыя духоўныя практыкаванні для епіскапату праходзяць у будынку былой Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага. У іх бяруць удзел усе каталіцкія біскупы Беларусі і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Праводзіць рэкалекцыі дапаможны біскуп архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве Мікалай Дубінін OFMConv.

У другі дзень рэкалекцый іерархі засяродзіліся на словах святога Бэрнарда «Руплівасцю розуму пазнаваць праўду».

Для разважання над імі рэкалекцыяніст вызначыў тры пункты. Пе-першае, ён прапанаваў удзельнкіам задумацца над тым, «што я такое: ці толькі попел, матэрыяльны элемент, з якога створаны, пра што нагадваюць словы святара ў Папяльцовую сераду і падчас пахавання?» Другое пытанне: «хто я такі? — біскуп, хрысціянін», а трэцяе: «які я?» датычылася асаблівасцяў характару і асабістых адносін з Богам.

Для разважанняў біскуп францішканін выкарыстаў як свой асабісты святарскі і пастырскі вопыт, так і дакументы Касцёла: Pastores gregis («Пастыры аўчарні»), апошнюю Апостальскую адгартацыю святога Папы Яна Паўла ІІ, прысвечаную служэнню біскупаў, Дырэкторый Кангрэгацыі па справах біскупаў Apostolorum Successores («Наступнікі апосталаў») пра пастырскага служэнне біскупаў, а таксама Дагматычную канстытуцыю пра Касцёл Другога Ватыканскага Сабору Lumen gentium («Святло народам»).

Падчас святой Імшы, якую ўдзельнікі біскупскіх рэкалекцый цэлебравалі ў капліцы семінарыі пад тытулам Найсвяцейшага Імя Марыі, яны маліліся аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця.

«На жаль, сцены семінарыі, сцены капліцы ўжо даўно не чулі галасоў семінарыстаў, якія тут праслаўлялі Бога. Таму біскупы заспявалі песню пра пакліканне „Човен“, якую любіў святы Ян Павел ІІ. Гэта ён паклікаў да жыцця структуры Касцёла ў Беларусі, у тым ліку і Міждыяцэзіяльную духоўную семінарыю ў Пінску», — расказаў Catholic.by Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. З пінскай семінарыі арцыбіскуп Станеўскі, які перажывае рэкалекцыі, пажадаў звярнуцца з пытаннем да каталіцкай моладзі:

«Хто адгукнецца на запрашэнне Пана? Хто стане пры алтары, каб складаць Эўхарыстычную Ахвяру Езуса Хрыста за збаўленне свету, каб выпрасіць у міласэрнага Айца нябеснага мір ва ўсім свеце?»

Удзельнікі рэкалекцый таксама маліліся аб вернасці пакліканню для тых, хто ўжо пайшоў за голасам Хрыста і нясе служэнне ў Касцёле.

У прамоўленай гаміліі рэкалекцыяніст падкрэсліў, што словы з прачытанага на Імшы ўрыўка з Евангелля, скіраваныя Хрыстом Ягоным апосталам, адносяцца таксама і да іх сённяшніх наступнікаў, біскупаў: «Гэтак кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем» (Лк 14, 33). Біскуп Дубінін заўважыў, што сёння многія людзі, асабліва моладзь, не жадаюць «пакінуць усяго» і замест таго, каб пайсці за заклікам Хрыста, спрабуюць гэтаму закліку пярэчыць, як калісьці Пётр, які не жадаў дапусціць цярпенняў і смерці Хрыста.

Рэкалекцыяніст адзначыў, што хоць «мы слабыя і нікчэмныя, але мы ў Божых руках», і на шляху паклікання важна дазволіць Богу рабіць з сабою, менавіта тое, што Ён захоча. Толькі такім чынам, паводле біскупа Мікалая Дубініна, можна быць «пастырамі паводле Сэрца Нацвышэйшага Пастыра Езуса Хрыста».

Абноўлена 06.11.2024 16:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа