Пошук

18.07.2026 16:15   Аляксандр Панчанка, кс. Аляксандр Амяльчэня - Vatican News / catholicminsk.by / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Vatican News BY

«Я не забуду пра цябе» (Іс 49,15) — так гучыць тэма, якую 10 лютага Папа Леў XIV выбраў для VI Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей, каб нагадаць, што нават калі кожны чалавек старэе, любоў Бога да яго не слабее ніколі, паведамляе Беларуская рэдакцыя Vatican News.

«Выбраны радок з Кнігі прарока Ісаі пакліканы стаць пасланнем суцяшэння і надзеі для ўсіх бабуль, дзядуль і пажылых людзей, асабліва для тых, якія жывуць у самотнасці ці адчуваюць сябе забытымі. У той жа час ён з’яўляецца заклікам да сем’яў і касцёльнай супольнасці не забываць пра іх, прызнаючы ў іх каштоўную прысутнасць і благаслаўленне»,

— паведаміла Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

У сваім пасланні на гэты дзень, якое было абнародавана 15 чэрвеня, Папа падкрэсліў, што Касцёл пакліканы быць маці для кожнага чалавека ў любым узросце. Ён заклікаў моладзь аднавіць прыгожую звычку наведваць сваіх дзядуль, бабуль і самотных пажылых людзей. Праз сваю прысутнасць маладыя людзі могуць перадаць старэйшым блізкасць і цеплыню.

Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей, устаноўлены Папам Францішкам у 2021 годзе, адзначаецца кожную чацвёртую нядзелю ліпеня і з’яўляецца нагодай, каб выказаць пажылым блізкасць Касцёла і адкрыць каштоўнасць іх укладу ў жыццё сем’яў і грамадства.

Сёлета яго дата — 26 ліпеня — супадае з успамінам святых Яўхіма і Ганны, таму Пантыфік заклікае правесці ў гэты Дзень эўхарыстычную цэлебрацыю ў катэдральным касцёле кожнай дыяцэзіі.

У адказ на заклік Святога Айца, паводле інфармацыі інтэрнэт-старонкі catholicminsk.by, ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі 26 ліпеня адбудзецца адмысловая святая Імша з удзелам пажылых людзей і асобаў сталага ўзросту, якую ўзначаліць арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Нагадаем, што сёлета іерарху споўнілася 80 гадоў.

Пачатак у 13.00.

Пасля Эўхарыстыі святкаванне працягнецца ва ўнутраным двары мінскай катэдры.

Інфармацыя пра святкаванне Сусветнага дня пажылых людзей у іншых дыяцэзіях Беларусі будзе пададзена пазней.

Абноўлена 18.07.2026 16:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.