З 20 па 27 ліпеня ў Івянцы пройдзе 22-я Музычная майстэрня. Ужо адкрыта рэгістрацыя ўдзельнікаў.
Музычная майстэрня ў Івянцы ― гэта штогадовая летняя сустрэча аматараў хрысціянскай музыкі, якія разам удасканальваюць сваё музычнае майстэрства, адкрываюць таленты, узбагачаюцца духоўна і знаходзяць новых сяброў.
Праграма Музычнай майстэрні, якая сёлета пройдзе ўжо ў 22-і раз, будзе традыцыйна ўключаць штодзённую малітву, духоўныя канферэнцыі, практыку супольнага спеву ў літургічным хоры, майстар-класы розных напрамкаў і музычна-тэматычныя вечары.
Тэмай сустрэчы, якую арганізуе супольнасць айцоў францішканаў канвентуальных з кляштара святога Антонія Падуанскага ў Івянцы, стануць словы францішканскага прывітання: «Супакой і дабро» (Pax et bonum). Гэтыя словы адсылаюць да спецыяльнага Года святога Францішка, які быў абвешчаны папам Львом XIV у 800-ю гадавіну смерці святога жабрака з Асізі.
Духоўным кіраўніком Музычнай майстэрні 2026 стане біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
З мінулага тыдня адкрыта папярэдняя рэгістрацыя ўдзельнікаў па па спасылцы ТУТ>>>. Арганізатары таксама заахвочваюць пазнаёміцца з больш падрабязнай інфармацыяй пра падзею ў сацыяльных сетках: Instagram>>>, Telegram>>>.
Асноўная арганізацыйная інфармацыя:
- За ўдзел у Музычнай майстэрні прымаюцца дабравольныя ахвяраванні ад 80 рублёў. У гэты кошт уваходзіць пакет удзельніка і штодзённае трохразовае харчаванне.
- Для тых, хто прыязджае на Музычную майстэрню толькі на скарочаны тэрмін, ёсць магчымасць атрымаць пакет удзельніка і харчаванне па кошце 20 рублёў за дзень удзелу.
- Удзельнічаць могуць толькі асобы ад 14 год. Удзел няпоўнагадовых магчымы толькі пры наяўнасці пісьмовага дазволу ад бацькоў (спасылка пададзена ў форме папярэдняй рэгістрацыі) і прысутнасці на Музычнай майстэрні поўнагадовага апекуна.
- Пражыванне арганізавана ў палатачным гарадку. З сабой неабходна мець спальнік і карымат. Наяўнасць уласнай палаткі вітаецца. Пра магчымасць пражывання ў мясцовых парафіян будзе паведамлена падчас рэгістрацыі ў Івянцы.
- Неабходна мець з сабой цёплыя рэчы, паколькі частка вечаровай праграмы будзе праходзіць на адкрытым паветры.
- Калі плануецца ўдзел у адным з інструментальных майстар-класаў, неабходна мець свой інструмент з сабой (электрагітарыстам – таксама комбік).
- Тыя ўдзельнікі, што на добрым узроўні граюць на адным з аркестравых інструментаў (духавыя ці смычковыя), будуць мець магчымасць зайграць у аркестры падчас святых Імшаў.
- Плёны Майстэрні можна будзе паслухаць у суботу 25 ліпеня падчас святой Імшы і на фінальнай малітве праслаўлення.
Відэа з Музычнай майстэрні 2025:







