
13 красавіка 1991 года булай Ex quadam святы Ян Павел ІІ устанавіў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію і мітраполію, адрадзіўшы такім чынам касцёльныя структуры на тэрыторыі незалежнай Беларусі пасля дзесяцігоддзяў панавання на нашых землях савецкай улады, якая вяла барацьбу з рэлігіяй, і пераследу веры і Касцёла.
13 красавіка 2026 года ў 12.00 у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі будзе цэлебравацца святая Імша з нагоды 35-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама аднаўлення колішняй Мінскай дыяцэзіі і Магілёўскай архідыяцэзіі ў выглядзе Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і новай Мінска-Магілёўскай мітраполіі.
Узначаліць святую Імшу арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Крыху гісторыі
Святы Ян Павел ІІ рабіў па-чалавечы ўсё магчымае і немагчымае для таго, каб вернікі былога Савецкага Саюза атрымалі свабоду веравызнання. Ён верыў у фацімскае прароцтва аб навяртанні нашых земляў.
У фацімскі дзень 13 красавіка 1991 года ён заснаваў Мінска-Магілёўскую мітраполію, у склад якой увайшлі аднайменная Мінска-Магілёўская архідыяцэзія на тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей, Гродзенская дыяцэзія на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і Пінская на тэрыторыі Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

У той жа дзень былі прызначаны біскупы для гэтых новаствораных іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі: арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі і адначасова Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі Казімір Свёнтэк, а таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Пачала адраджацца і Грэка-каталіцкая Царква, якую з 1993 года ўзначальвае Апостальскі візітатар, а сёння — Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Такім чынам быў закладзены кананічны падмурак для нармальнай дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў нашай Айчыне.
У 1999 годзе з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі была выдзелена Віцебская дыцяэзія ў межах Віцебскай вобласці і прызначаны біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін.
Адраджэнне структур Каталіцкага Касцёла стварыла новыя магчымасці і дало новы імпульс для яго развіцця і ўмацавання яго пазіцыі ў грамадстве. Яно таксама спрыяла развіццю адносін з Праваслаўнай Царквой і іншымі хрысціянскімі веравызнаннямі і нехрысціянскімі рэлігіямі.
За 35 гадоў Касцёл на нашай зямлі прайшоў значны шлях у сваім развіцці, адраджэнні і станаўленні, з'яўляючыся быццам бы сакрамэнтам паўсюднага збаўлення (пар. LG 48).
За гэты час колькасць парафій, якіх тады было ўжо толькі каля сотні, павялічылася ў пяць разоў, а колькасць святароў, якіх заставалася каля 60-і, вырасла амаль у дзесяць разоў. Быў пабудаваны 131 новы касцёл. Падрыхтавана вялікая колькасць свецкіх катэхетаў.
Перакладзены на беларускую мову і выдадзены многія літургічныя кнігі, а таксама асноўныя дакументы Касцёла, у тым ліку Другога Ватыканскага Сабору, папскія энцыклікі, апостальскаія адгартацыі і лісты Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і Францішка, Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла і Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла. Падрыхтаваны і выдадзены падручнікі па катэхезе для ўсіх класаў.
Арганізавана душпастырства сем’яў, моладзі і пакліканняў. Дынамічна дзейнічаюць розныя манаскія супольнасці і касцёльныя рухі. Вялікую дапамогу патрабуючым аказваюць нацыянальная, дыяцэзіяльныя і парафіяльныя дабрачынныя каталіцкія таварыствы Caritas. Каталіцкія СМІ набылі папулярнасць у нашым грамадстве і паспяхова выкарыстоўваюцца ў працэсе евангелізацыі, катэхізацыі, а таксама для падтрымкі і ўмацавання веры.
Выдавецкая дзейнасць скіравана на забеспячэнне вернікаў малітоўнай, рэлігійнай, гістарычнай, культурнай і асветніцкай літаратурай.







