На досвітку Велікоднай нядзелі ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Івянцы (Валожынскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбылася рэзурэкцыйная Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Вітаючы вернікаў традыцыйным велікодным заклікам «Хрыстус Уваскрос!», арцыпастыр запрасіў іх прыняць удзел у рэзурэкцыйнай працэсіі вакол касцёла, якая абвяшчае Яго перамогу над грахом, смерцю і сатаной. З радасцю ў сэрцы, прысутныя вырушылі, каб пад звон касцёльных званоў і літургічных званочкаў абвясціць свету пра ўваскрасенне Хрыста.


















У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч паведаміў, што падставай велікоднай радасці з’яўляюцца словы Евангелля пра Марыю Магдалену, якая прыйшла да магілы Езуса і ўбачыла яе пустой. «Ці хтосьці калісьці ў гісторыі чалавецтва бачыў падобнае? Ці памерлы чалавек выйшаў са сваёй магілы?», — запытаў ён.
Далей прамоўца падаў некаалькі прыкладаў з жыцця: «Пылесос зацягвае ў сябе ўсё, што напаткае на сваім шляху і нічога не вяртае назад. У космасе існуюць “чорныя дзіры”, якія могуць зацягнуць у сябе цэлыя планеты і ніколі не вярнуць іх назад».
Нешта падобнае, паводле яго слоў, адбываецца са смерцю, якая паглынае ўсяго чалавека і не вяртае яго назад. Аднак гэты закон Хрыстус змяніў сваёй Боскай моцай.
— падкрэсліў галоўны цэлебрант.
Далей ён прывёў словы святога Аўгустына, які казаў, што мы — людзі Пасхі, і «Аллелюя» — гэта нашая песня. Гэты айцец Касцёла жыў у складаныя часы распаду Рымскай імперыі і, паводле арцыпастыра, заклікаў спяваць «Аллелюя» заўсёды, нават падчас розных выпрабаванняў і клопатаў, каб «потым спяваць яе ў будучым свеце, калі мы будзем вызваленыя ад усіх трывог».
«Мы таксама жывём у часы розных выпрабаванняў, аб чым сведчаць эканамічныя і палітычныя крызісы, збройныя канфлікты, маральны заняпад, працэсы секулярызацыі, крызіс інстытуту сям’і і Божага дару жыцця і г. д., — зазначыў іерарх. — Мы перажываем розныя выпрабаванні і нягоды. Рэальнасць крыжа прысутнічае ў нашым свеце і нашым жыцці. Але давайце не будзем забываць, што няма славы без крыжа, няма перамогі без ахвяры».
«Складанасці нашага жыцця не пазбаўляюць нас радасці ў абяцанні нашага будучага ўваскрашэння. І таму мы павінны радавацца і святкаваць, бо з Вялікаднем смерць пераможана, і ніякая магіла не можа ўтрымліваць нас вечна: ні магіла адчаю, ні расчаравання, ні дэпрэсіі», — абнадзеіў слухачоў арцыбіскуп Тадэвуш.
Прыкладам ім можа служыць апостал Пётр. Нягледзячы на тое, што ў момант выпрабаванняў ён адрокся Хрыста, тым не менш, даверыўся Яго любові і пабег да пустой магілы, каб засведчыць, што ў ёй няма цела Езуса і потым абвяшчаць праўду Уваскрасення да канца.
Прамоўца звярнуў увагу, што Езус — гэта не проста гістарычны персанаж з далёкага мінулага. Памяць аб Ім сутнасна розніцца ад памяці пра вялікіх людзей і герояў, якія жылі даўно. Можна гаварыць пра іх саміх і іх учынкі, але нельга размаўляць ці сябраваць з імі. А Езус той самы ўчора, сёння і назаўжды, бо Ён жыве.
— сказаў арцыпастыр.
Ён моцна падкрэсліў, што Пасха з’яўляецца не толькі дарам чалавецтву, але і заданнем. Нездарма святы апостал Павел заклікае сваіх слухачоў і чытачоў шукаць таго, што ў вышынях (пар. Клс 3, 1). Гэта азначае жыць згодна з Божым законам. «Таму мы не можам дазволіць, каб справы гэтага свету адцягвалі нас ад сапраўднай мэты і задачы нашага існавання, — падсумаваў ён. — Мы павінны імкнуцца выконваць Божую волю ва ўсім, нават у самых звычайных рэчах. Гэта не пазбаўляе нас радасці, а, наадварот, робіць яе магчымай.
Словамі закліку: «Няхай святкаванне Пасхі падбадзёрыць нас быць людзьмі ўваскрасення і дзяліцца святлом Уваскрослага з тымі, хто жыве без Бога і надзеі, каб адкрыць ім шлях да сапраўднай радасці, трывалага шчасця і спакою», — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў гамілію.















































