
З 13 па 15 сакавіка парафія святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) запрашае ўсіх жадаючых на духоўныя практыкаванні, прысвечаныя святому Францішку Асізскаму. Гэта будзе асаблівы час сустрэчы з Богам праз прызму жыцця і сведчання аднаго з самых вялікіх святых Каталіцкага Касцёла.
Рэкалекцыі правядзе францішканін айцец Яўген Голуб OFMConv з Івянца — святар, які мае багаты досвед духоўнага суправаджэння і глыбокае разуменне францішканскай духоўнасці.
Дзякуючы рэкалекцыйным навукам удзельнікі змогуць не толькі пазнаёміцца з гістарычнай постаццю святога Францішка, але і адкрыць для сябе актуальнасць ягонага паслання ў сучасным свеце.
Айцец Яўген дапаможа зазірнуць у самыя глыбіні евангельскага жыцця, натхняючыся прыкладам Божага Бедняка.
Сапраўднай духоўнай падзеяй стане магчымасць ушанавання рэліквій святога Францішка Асізскага, якія будуць прывезены ў Навагрудак з нагоды 800-годдзя яго нараджэння для неба.
Юбілейны год святога Францішка — гэта асаблівы час, каб дакрануцца да асобы святога і адчуць лучнасць з Традыцыяй Касцёла, якая праз стагоддзі нясе святло Евангелля.
Святы Францішак Асізскі — заступнік эколагаў, міратворац і чалавек, які адмовіўся ад багацця дзеля служэння бедным і абвяшчэнню Добрай Навіны. Яго любоў да ўсяго стварэння, да кожнага чалавека з'яўляецца жывым прыкладам таго, як жыць Евангеллем штодня.
Падчас рэкалекцый вернікі змогуць паразважаць над тым, як знайсці сваю дарогу да Бога ў сучасным секулярным свеце, натхняючыся лагоднасцю і радасцю святога з Асізі.
Парафія святога Арханёла Міхала запрашае вернікаў, каб разам перажыць гэты асаблівы велікапосны час.






