230 чалавек з розных куткоў Беларусі прымаюць удзел у Музычнай майстэрні, якая ў гэтыя дні праходзіць у парафіі Св. Міхала Арханёла ў Івянцы.
Распачатая тут у 2003 годзе традыцыя жыве і дае плён. Сёлета па просьбе ўдзельнікаў Майстэрню зрабілі даўжэйшай на два дні.
«Мы ўважліва прааналізавалі пажаданні ўдзельнікаў мінулых гадоў і пайшлі ім насустрач», — адзначае адзін з арганізатараў Майстэрні а. Яўген Голуб OFMConv.
Мы гутарым на плябаніі, якая ў гэтыя дні стала сапраўдным штабам Майстэрні. На ўваходзе тут прымацаваны лісток з праграмай. Ад рукі на ім нехта дапісаў найбольш «хадавыя» хэштэгі Майстэрні (#majsternia #mm_2017 #muzmajsternia) у сацыяльных сетак — усё прадумана.
Айцец Яўген адзначае, што майстэрня становіцца ўсё больш медыяльнай: штодзень група энтузіястаў здымае відэа, а пасля збірае іх у відэасправаздачу. І так кожны дзень.
Упершыню ў гэтым годзе ў Музычнай майстэрні акрамя традыцыйных груп — літургічнага спеву, тэатральнай і музычнай — створана і група для заняткаў гукарэжысурай.
Не забываюцца тут і пра францішканскую традыцыю. У пачатку майстэрні яе ўдзельнікі зладзілі аднадзённую пілігрымку ў Баравікоўшчыну да месца мучаніцкай смерці а. Германа Стэнпеня і а. Ахілеса Пухалы — францішканаў, якія неслі служэнне ў ваколіцах Івянца ў час Другой сусветнай вайны.
«У Будславе мы зладзілі флэшмоб на чатыры галасы»
Айцец Яўген Голуб дадае, што быў прыемна ўражаны той атмасферай творчасці, якая панавала ў часе падрыхтоўкі Музычнай майстэрні сёлета.
За некалькі месяцаў да пачатку Майстэрні малітоўная і літургічная супольнасць Ubi Caritas, створаная з яе былых удзельнікаў, запісала некалькі матывуючых відэаролікаў да ўделу ў Майстэрні.
А ў Будславе аргкамітэт меў сваю палатку, якая стала месцам сустрэчы для старых знаёмых Майстэрні і служыла рэкламай патэнцыйным удзельнікам. У парку перад санктуарыем быў нават зладжаны адмысловы спеўны флэшмоб на чатыры галасы.
Майстэрня — гэта не толькі спеў
«Магу з упэўненасцю сказаць, што майстэрня не толькі вучыць нас спеву, але і выхоўвае эстэтыку тых маладых людзей, якія сюды прыязджаюць», разважае а. Яўген.
Нягледзячы на тое, што многія з сёлетніх удзельнікаў прыехалі на Майстэрню ўпершыню, хапае тут і тых, для каго Майстэрня трэцяя, чацвёртая, шостая па ліку.
З Польшчы ў Івянец прыехала 26 чалавек. Перадусім — музыканты і выкладчыкі музыкі, якія выступаюць на Майстэрні ў якасці настаўнікаў. Найбольш вядомыя з іх — Ян Паспяшальскі, Хуберт Кавальскі і Соф’я Баркоўская.
«Гэтае супрацоўніцтва — сапраўдны цуд, — адзначае святар. — Настаўнікі і вучні разумеюць адно аднаго з паўслова. Іх рэпетыцыі на Майстэрні — той фундамент Дзён моладзі архідыяцэзіі, якія паступова становяцца сапраўдным фестывалем каталіцкай моладзі».
Айцец Яўген упэўнены, што з цягам часу ў Беларусі цалкам рэальна стварыць малітоўнае мерапрыемства для каталіцкай моладзі з усіх дыяцэзій.
«Каб усіх з’яднаць, трэба мець нешта агульнае, — лічыць а. Яўген. — Нас яднае вера і энтузіязм. У польскай Ледніцы ўсё пачалося з месца і ідэі. Трэба маліцца ў гэтай справе», — адзначае святар.
Паводле яго слоў, сустрэчы моладзі патрэбная глыбіня, менавіта тады гэта будзе сапраўднае духоўнае ўзрастанне.
«Наперадзе яшчэ шмат цікавай працы па развіцці майстэрні і сустрэчы моладзі, — кажа ў заключэнне а. Яўген. — Ці стануць нашы сустрэчы паўнавартасным фестывалем? Трэба пытацца ў моладзі, што хацелі б рабіць на гэтых сустрэчах яны. Мы ж будзем старацца зрабіць усё, што нам па сілах».