Пошук

13.09.2024 10:53   Catholic.by

Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч, які завяршае сваё служэнне ў Беларусі, у бліжэйшы тыдзень памоліцца разам з беларускімі вернікамі ў Мінску і наведае Гродна, дзе возьме ўдзел у гашэнні беларуска-ватыканскай паштовай маркі.

Прызначаны ў канцы чэрвеня Апоатальскім нунцыем у Грузіі і Арменіі, арцыбіскуп Ёзіч, які амаль чатыры гады быў прадстаўніком Папы Францішка ў нашай краіне, у бліжэйшы час выедзе на месца новага служэння на Каўказе. У нядзелю 15 верасня ватыканскі іерарх узначаліць цэлебрацыю святой Імшы ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі, каб на развітанне яшчэ раз памаліцца з беларускімі вернікамі.

  • Пачатак святой Імшы ў 13.00.
Фота: belpost.by

На наступны дзень, 16 верасня, нунцый Ёзіч скіруецца ў Гродна. У горадзе над Нёманам прадстаўнік Папы возьме ўдзел у памятным гашэнні паштовай маркі сумеснага выпуску Рэспублікі Беларусь і Дзяржавы-горада Ватыкан.

Марка прысвечана цудадзейнаму абразу Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай) у Гродне.

Гашэнне адбудзецца ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў 12.30. У цырымоніі возьмуць удзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, прадстаўнікі дзяржаўнай улады.

  • Перад гэтым у святыні, дзе знаходзіцца цудадзейны абраз, будзе цэлебравацца святая Імша, якая распачнецца а 12-й гадзіне.

Абраз Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай) у Гродне з’яўляецца копіяй абраза Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі святой Марыі Вялікай (Santa Maria Maggiore) — адной з самых вядомых і старажытных выяваў Багародзіцы ў хрысціянскім свеце. У XVII–XVIII стагоддзяў спісы, або копіі абраза разышліся па многіх краінах Еўропы.

Фота: belpost.by

У 1664 годзе адзін з такіх спісаў быў перададзены ў драўляны езуіцкі касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гродне. З таго часу Маці Божая Снежная стала апякункай тутэйшай Марыянскай кангрэгацыі, а абраз пачалі называць Кангрэгацкім або Студэнцкім. У 1686 годзе абраз быў прызнаны цудадзейным, а ў 1705 годзе ўстаноўлены ў студэнцкай капліцы новапабудаванага фарнага касцёла, дзе знаходзіцца і цяпер.

Абраз быў каранаваны папскімі каронамі 28 жніўня 2005 года. Катэдральны касцёл у Гродне мае тытул малой базылікі, а таксама з’яўляецца дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай).

Праект маркі быў падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з парафіяй катэдральнага касцёла святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне і Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 25 Гродна будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень», які тут жа можна будзе набыць.

Абноўлена 13.09.2024 13:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця