Пошук

23.06.2023 12:21   Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

Сёлета дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, што ў Гродзенскай дыяцэзіі, святкуе 260-ю гадавіну пабудовы касцёла.

Кармэліты босыя, духоўныя сыны Маці Божай і апекуны санктуарыя, запрашаюць далучыцца да святкавання.

Праграма ўрачыстасці

  • 15 ліпеня
    • 18.00 – святая Імша і заканчэнне навэнны (на палявым алтары)
    • 20.00 – Крыжовы шлях на Кальварыі
  • 16 ліпеня
    • 0.00 – працэсія са свечкамі (вакол касцёла і могілак)
    • пасля працэсіі – святая Імша (на палявым алтары)
    • пасля Імшы – начное чуванне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту (у касцёле)
    • 8.30 – Гадзінкі пра НПМ (у касцёле)
    • 10.00 – святая Імша на польскай мове (на палявым алтары)
    • 12.00 – урачыстая адпустовая святая Імша (на палявым алтары)

З гісторыі касцёла ў Гудагаі

Драўляную святыню ў Гудагаі пабудавала ў 1763 годзе Людвіга Ганна Война з Сулістроўскіх, якая разам са сваім мужам і вернікамі навакольных мясцовасцяў пажадала аддаць хвалу Богу і Найсвяцейшай Маці ў Яе выяве, што ўжо тады лічылася славутай ласкамі, або цудадзейнай.

Такім чынам касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі стаў таксама мэтай пілігрымаў, якія прыбывалі сюды з просьбамі аб аздараўленні фізічным, маральным і духоўным. Кармэліты босыя, апекуны святыні, у хроніках запісалі шматлікія сведчанні дзеяння Пана Бога на гэтым святым месцы.

У наш час Гудагай шырока вядомы не толькі ў Беларусі, а галоўны адпуст у гонар Маці Божай Шкаплернай збірае і аб’ядноўвае вернікаў з розных куткоў нашай краіны і з-за мяжы.

У гэтым годзе прыпадае таксама 50-я гадавіна смерці ксяндза Адама Вайцяхоўскага, які рупліва служыў пробашчам гудагайскай парафіі з 1959 года ажно да адыходу ў вечнасць у 1973 годзе. Ксёндз Адам быў вялікім шанавальнікам Гудагайскай Маці Божай Шкаплернай і памёр у дзень Яе свята, менавіта 16 ліпеня, што мясцовыя вернікі палічылі асаблівым знакам Божага Провіду і любові Маці Божай.

Дзверы гудагайскай святыні заўсёды адкрытыя для пілігрымаў і наведвальнікаў, якія хочуць памаліцца ды адпачыць у асаблівай атмасферы касцёла, ружанцовых сцежак, мясцовай Кальварыі, а таксама на ўлонні непаўторнай прыроды сярод маляўнічых краявідаў. Айцы кармэліты босыя з Гудагая сардэчна запрашаюць.

Абноўлена 23.06.2023 12:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа