Сёлета падчас Вялікага посту, які ў Каталіцкім Касцёле распачаўся 22 лютага, у Мінску аднаўляецца традыцыя велікапосных стацыйных набажэнстваў, якія будуць адбывацца ў розных касцёлах сталіцы.
Традыцыя так званых «стацыйных» набажэнстваў узнікла ў Рыме, дзе падчас Вялікага посту вернікі збіраліся ў розных касцёлах — стацыях — на супольную Эўхарыстыю на чале з біскупам. Гэтая традыцыя распаўсюдзілася асабліва ў вялікіх гарадах. Замест Эўхарыстыі можа адбывацца іншае набажэнства: пакаяннае або пасійнае.
Набажэнства Песень жальбы ўзнікла на пачатку ХVІІІ стагоддзя і ўпершыню адбылося ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве. Неўзабаве Песні жальбы сталі адным з найбольш папулярных набажэнстваў Вялікага посту і на нашай зямлі.
Разважанне над мукай і смерцю Хрыста ў Песнях жальбы спрыяе духу пакаяння і мае на мэце служыць навяртанню.
Ніжэй пададзены расклад стацыйных набажэнстваў у парафіях Мінска на кожны дзень тыдня з 26 лютага па 2 красавіка:
- Нядзеля, 11.20 — парафія святога Яна Хрысціцеля (Серабранка, вул. Пляханава, 28/1)
- Панядзелак, 18.30 — парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Сухарава, вул. Шаранговіча, 60-55)
- Аўторак, 18.30 — парафія Святога Духа (Чыжоўка, праезд Галадзеда, 15 В)
- Серада, 18.00 — парафія Найсвяцешага Імя Марыі (архікатэдра, пл. Свабоды, 9)
- Чацвер, 18.30 — парафія святога Францішка Асізскага (Новая Баравая, вул. Авіяцыйная, 4)
- Пятніца, 18.30 — парафія Маці Божай Будслаўскай (Каменная горка, вул. Прытыцкага, 107 А)
- Субота, 18.00 — парафія Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы (пр-т Незалежнасці, 44 А)