Пошук


Песні жальбы ўзніклі ў Польшчы на пачатку ХVІІІ ст. Першы раз іх праспявалі ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве. У хуткім часе гэтае  набажэнства стала адным з найбольш папулярных набажэнстваў Вялікага посту і на нашай зямлі. Разважанне мукаў Хрыста ў Песнях жальбы спрыяе духу пакаяння, а перадусім мае на мэце служыць нашаму навяртанню.


Натхненне

1. Песні жальбы заспявайце! *
    Сэрцы болем напаўняйце,
    сэрцы болем напаўняйце!
2. Вочы, плачце, як крыніцы, *
    дайце горкіх слёз напіцца (х 2).
3. Нават сонца, месяц, зоры *
    сумна свецяць, нібы ў горы (х 2).
4. Поўніць неба плач анёлаў, *
    ўжо мінуў іх час вясёлы (х 2).
5. Крышацца са страху скалы, – *
    мёртвыя з магіл паўсталі (х 2).
6. Хто жальбу сваю ўстрымае: *
    цэлы свет нібы канае (х 2).
7. Крыж Хрыстовы і кананне *
    душы вострым болем раняць (х 2).
8. Моцай, ласкай, сілай ранаў *
    знішчы злосць сэрц нашых, Пане (х 2).
9. Вось грэх мой перад Табою, *
    змый яго святой крывёю (х 2).
10. У бяздонні мукаў Пана *
    я з правін сваіх паўстану (х 2).


Першая частка

З дапамогаю Божай ласкі пачынаем разважанне над мукаю нашага Пана Езуса Хрыста. Ахвяруем яго нябеснаму Айцу на праслаўленне і хвалу Ягонай Боскай велічы, пакорна дзякуючы за вялікую і надзвычайную любоў да чалавецтва, за тое, што спаслаў свайго Сына, каб цярпеў за нас жахлівыя пакуты і прыняў смерць на крыжы. Гэтае разважанне ахвяруем таксама дзеля ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Балеснай Божага Сына, а таксама на ўшанаванне св. Юзафа і тых святых, якія асабліва пабожна ўшаноўвалі муку Хрыста.

У першай частцы будзем разважаць аб тым, што Пан Езус выцерпеў у час ад малітвы ў садзе Аліўным ажно да несправядлівага абвінавачвання перад судом. Гэтыя знявагі Пана, якія Ён за нас цярпеў, будзем ахвяраваць, просячы за святы каталіцкі Касцёл, за Святога Айца і за ўсё духавенства, а таксама за непрыяцеляў Хрыстовага крыжа і ўсіх няверных, каб Пан Бог даў ім ласку навяртання.

Гімн

1. Жаль невыносны сэрца працінае, *
    Езус мой любы келіх свой прымае; *
    кленчыць у садзе,
    льецца пот крывавы – *
    Бог моцы, хвалы.
2. Пана святога вучань злы цалуе, *
    войска цяжкія ланцугі рыхтуе. *
    Без супраціву Езус іх прымае, *
    нас выбаўляе.
3. Б’е і штурхае люд свайго Прарока, *
    злосць і нянавісць,
    гнеў на кожным кроку. *
    Церпіць пакорна Бога Сын адзіны, *
    чысты, нявінны.
4. Кроў запяклася, вусны пасінелі, *
    рукі ад цяжкіх ланцугоў змярцвелі.
    * Білі заўзята ледзь жывога Пана *
    ўсю ноч да рана.
5. Езу, мой Пане, дай дар пакаяння, *
    дай мне, Езусе, ласку навяртання. *
    Нашы правіны змыем мы слязамі, *
    зжалься над намі.

Плач душы над пакутамі Езуса

1. Езу, на жахлівыя мукі, *
    нібы ягня, Ты ў путы звязаны, *
    Езу, мілы Пане.
2. Езу, пацалункам здрадлівым *
    быў Ты праданы, *
    Езу, мілы Пане.
3. Езу, перад смерцю ў садзе *
    з неба прасіў ад Айца злітавання, *
    Езу, мілы Пане.
4. Езу, на малітве ў самоце *
    кроў заміж поту цякла струмянямі, *
    Езу, мілы Пане.
5. Езу, пацалунак ад Юды *
    Ты прыняў, не спаслаў пакарання, *
    Езу, мілы Пане.
6. Езу, ланцугамі цяжкімі *
    Ты, нібы злодзей, быў ноччу звязаны,*
    Езу, мілы Пане.
7. Езу, прад суддзёю, нявінны, *
    злоснымі кпінамі быў зняважаны, *
    Езу, мілы Пане.
8. Езу, да Каяфы жаўнеры *
    вывелі ў путах Цябе на світанні, *
    Езу, мілы Пане.
9. Езу, злой рукою па твары *
    быў моцна біты за праўды вызнанне, *
    Езу, мілы Пане.
10. Езу,  праз ілжывых двух сведкаў *
    падбухторшчыкам люду
    быў Ты названы, *
    Езу, мілы Пане.

Хвала, пашана нашаму Пану * за ўсе знявагі, за бічаванне, * за ўсе цярпенні, за ўсе мучэнні, * за наша збаўленне.


Размова душы з Маці Балеснай

1. Ах, я, Маці, ледзь трываю! *
    Смутак сэрца мне сціскае. *
    Раніць сэрца востры меч (х 2).
2. О Марыя, што з Табою? *
    Так прыгнечана бядою, *
    бачу я Цябе ў слязах (х 2).
3. Што пытаеш? Боль ліхая, *
    мае сілы забірае, *
    сэрца кроў мне заліла (х 2).
4. Маці Чыстая, Святая, *
    бачу, што Ты ледзь жывая, *
    боль замгліў Твой ясны твар (х 2).
5. Сын мой любы, Сын адзіны, *
    змучаны, крывёй заліты, *
    цяжка ўжо Яго пазнаць (х 2).
6. Маці ласкі і любові, *
    буду плакаць я з Табою, *
    боль хачу дзяліць з Табой (х 2).

Напрыканцы кожнай часткі спяваем:
Ты за нас цярпеў ад ранаў, * Езу Хрыстэ, * змілуйся над намі.


Другая частка

Натхненне

1. Песні жальбы заспявайце! *
    Сэрцы болем напаўняйце,
    сэрцы болем напаўняйце!
2. Вочы, плачце, як крыніцы, *
    дайце горкіх слёз напіцца (х 2).
3. Нават сонца, месяц, зоры *
    сумна свецяць, нібы ў горы (х 2).
4. Поўніць неба плач анёлаў, *
    ўжо мінуў іх час вясёлы (х 2).
5. Крышацца са страху скалы, – *
    мёртвыя з магіл паўсталі (х 2).
6. Хто жальбу сваю ўстрымае: *
    цэлы свет нібы канае (х 2).
7. Крыж Хрыстовы і кананне *
    душы вострым болем раняць (х 2).
8. Моцай, ласкай, сілай ранаў *
    знішчы злосць сэрц нашых, Пане (х 2).
9. Вось грэх мой перад Табою, *
    змый яго святой крывёю (х 2).
10. У бяздонні мукаў Пана *
    я з правін сваіх паўстану (х 2).

У другой частцы разважанняў над мукаю Пана будзем разважаць аб тым, што Пан Езус выцерпеў ад несправядлівага прысуду ажно да ўкаранавання цернем. Гэтыя раны і знявагі ахвяруем Пану, просячы супакою для нашай Айчыны, згоды паміж народамі, а для нас саміх – прабачэння грахоў, паратунку ад зямных няшчасцяў, а асабліва ад пажару, голаду, вайны і заразы.

Гімн

1. Грэшнікі, гляньце на пакуты Пана, *
    за грэх ваш цяжкі ён прымае раны. *
    Не лютасць катаў раніць Пана болем *
    а злая воля.
2. Творцу сусвету
    судзяць людзі злосна, *
    б’юць, чыняць кпіны,
    абражаюць моцна. *
    Вуснаў збалелых Пан не адкрывае, * моўчкі трывае.
3. За грахі свету Езуса бічуюць, *
    грэшным патолю на вякі рыхтуюць. *
    Кроў, што са Збаўцы па слупе сцякае,*
    свет выбаўляе.
4. Свету гардыня венчыць скроні ружай,*
    на голаў Пана лёг вянок калючы. *
    Плашч апранае Езусу для жартаў, *
    злосная варта.
5. Езу, мой Пане, дай мне пакаянне, *
    каб мне спазнаці шчасце навяртання.*
    Нашы правіны змыем мы слязамі, *
    зжалься над намі.

Плач душы над пакутамі Езуса

1. Езу, на судзе супраць праўды, *
    хоць быў нявінны,
    злачынцам названы, *
    Езу, мілы Пане.
2. Езу, ад людзей жорсткіх, лютых, *
    горкую чашу прыняў зневажанняў,*
    Езу, мілы Пане.
3. Езу, тройчы Пятром у страху *
    нават знаёмым не быў Ты прызнаны, *
    Езу, мілы Пане.
4. Езу, у Пілата прад людам *
    быў Ты да крыві скатаваны, *
    Езу, мілы Пане.
5. Езу, з Цябе крыўдна і злосна *
    Ірад смяяўся і кпілі дварчане, *
    Езу, мілы Пане.
6. Езу, ў белай вопратцы здзекі *
    злосных жаўнераў
    цярпеў Ты на світанні, *
    Езу, мілы Пане.
7. Езу, да слупа прывязаны, *
    нелітасціва Ты быў бічаваны, *
    Езу, мілы Пане.
8. Езу, дзеля большага болю *
    цернем калючым укаранаваны, *
    Езу, мілы Пане.
9. Езу, у плашч чырвоны жаўнерамі *
    здзекліва й злосна быў Ты ўбраны, *
    Езу, мілы Пане.
10. Езу, кроў праліў Ты святую, *
    невінаваты, цярпеў пакаранне, *
    Езу, мілы Пане.

Хвала, пашана нашаму Пану * за ўсе знявагі, за бічаванне, * за ўсе цярпенні, за ўсе мучэнні, * за наша збаўленне.

Размова душы з Маці Балеснай

1. Бачу Сына без адзення, *
    кроў з плячэй цячэ струменем. *
    Пад бічамі Сыне мой (х 2).
2. Раны Сына, о Марыя, *
    жыватворныя, святыя, *
    мне на сэрца пакладзі (х 2).
3. Бачу Сына я ў кароне, *
    церні моцна раняць скроні, *
    кроў сцякае па грудзях (х 2).
4. Маці,  бачыш Сына ў муках, *
    Ты не будзь адна ў пакутах, *
    дай і мне спазнаць Твой боль (х 2).
5. Як жа мне, той беднай Маці, *
    Сынаў крыж на плечы ўзяці, *
    каб паднесці з ім хоць крок (х 2).
6. Маці ласкі і любові, *
    буду плакаць я з Табою, *
    боль хачу дзяліць з Табой (х 2).

Напрыканцы:
Ты за нас цярпеў ад ранаў, * Езу Хрыстэ, * змілуйся над намі.


Трэцяя частка  

Натхненне

1. Песні жальбы заспявайце! *
    Сэрцы болем напаўняйце,
    сэрцы болем напаўняйце!
2. Вочы, плачце, як крыніцы, *
    дайце горкіх слёз напіцца (х 2).
3. Нават сонца, месяц, зоры *
    сумна свецяць, нібы ў горы (х 2).
4. Поўніць неба плач анёлаў, *
    ўжо мінуў іх час вясёлы (х 2).
5. Крышацца са страху скалы, – *
    мёртвыя з магіл паўсталі (х 2).
6. Хто жальбу сваю ўстрымае: *
    цэлы свет нібы канае (х 2).
7. Крыж Хрыстовы і кананне *
    душы вострым болем раняць (х 2).
8. Моцай, ласкай, сілай ранаў *
    знішчы злосць сэрц нашых, Пане (х 2).
9. Вось грэх мой перад Табою, *
    змый яго святой крывёю (х 2).
10. У бяздонні мукаў Пана *
    я з правін сваіх паўстану (х 2).

У гэтай апошняй частцы будзем разважаць аб тым, што Пан Езус выцерпеў ад хвіліны ўкаранавання ажно да цяжкага скону на крыжы. Усе цярпенні, кпіны і крыўды, якія Ён зносіў, ахвяруем за грэшнікаў, каб Збаўца абудзіў іхнія заблуканыя сэрцы і натхніў іх да пакаяння і жыцця ў праўдзе, а таксама будзем маліцца за ўсе душы, якія церпяць у чыстцы, каб літасцівы Езус пагасіў сваёй Крывёю агонь іхніх мукаў. Будзем таксама прасіць Пана, каб Ён і нам у хвіліну нашай смерці даў ласку скрухі за грахі і дапамог вытрываць у надзеі да апошняй хвіліны жыцця на гэтым свеце.

Гімн

1. Жорсткае сэрца, ты яшчэ не плачаш, *
    ці ж мукаў Пана страшных
    Ты не бачыш! *
    Езус Твой любы ўвесь крывёй сцякае,*
    сіл больш не мае.
2. Нас палюбіўшы, сышоў Езус з неба, *
    ды вось на плечы
    крыж прымае з дрэва. *
    Пад ім Ён кленчыць,
    млее, ўстаць не можа *
    добры наш Божа.
3. На крыж кладзецца, ціха церпіць мукі,*
    цвік, нібы джала, прабівае рукі. *
    Па-над зямлёю
    Збаўцу крыж узносіць, *
    неба галосіць.
4. Дрэва святое, дай нам Збаўцы цела, *
    каб на табе ўжо болей не вісела. *
    Мы пахаваем Пана ў сумным гробе *
    з плачам ў жалобе.
5. Езу, мой Пане, прагну пакаяння, *
    прагну з надзеяй грахоў даравання. *
    Нашы правіны змыем мы слязамі, *
    зжалься над намі.
6. Богу навекі хай жа будзе хвала *
    за ўсе знявагі – іх сустрэў нямала. *
    За нас цярпеў Ён, Бога Сын адзіны, *
    Збаўца нявінны.


Плач душы над пакутамі Езуса

1. Езу, на судзе ў Пілата *
    з ліхадзеямі быў параўнаны, *
    Езу, мілы Пане.
2. Езу, на Галгоце жахлівай *
    Ты смерць прыняў праз укрыжаванне,*
    Езу, мілы Пане.
3. Езу, з крыжам цяжкім ішоў Ты, *
    нёс на гару ўсіх грахоў дараванне, *
    Езу, мілы Пане.
4. Езу, да крыжа на Галгоце *
    быў Ты прыбіты тупымі цвікамі, *
    Езу, мілы Пане.
5. Езу, са злачынцамі разам *
    Ты прынародна быў пакараны, *
    Езу, мілы Пане.
6. Езу, кпіны, здзекі жаўнераў *
    боль узмацнялі, пяклі Твае раны, *
    Езу, мілы Пане.
7. Езу, на крыжы літасціва *
    злодзею ласку Ты даў паяднання, *
    Езу, мілы Пане.
8. Езу, воцат з жоўцю змяшаны *
    далі Табе піць ў хвіліну канання, *
    Езу, мілы Пане.
9. Езу, Ты знёс маўкліва пакуты, *
    ка’ты не чулі Твайго наракання, *
    Езу, мілы Пане.
10. Езу, з крыжа вучнямі зняты, *
    у грабніцы Ты быў пахаваны, *
    Езу, мілы Пане.

Хвала, пашана нашаму Пану * за ўсе знявагі, за бічаванне, * за ўсе цярпенні, за ўсе мучэнні, * за наша збаўленне.

Размова душы з Маці Балеснай

1. Ах, я Маці нешчасліва, *
    ўжо цярпець не маю сілы, *
    на крыжы Мой любы Сын (х 2).
2. О Марыя, боль Твой люты, *
    пад крыжом Твае пакуты, *
    я хачу дзяліць з Табой (х 2).
3. Вось канае Мой Сыночак,
    закрывае Ён ўжо вочы, *
    Я канаю разам з Ім (х 2).
4. Маці, страшнаю бядою *
    падзяліся Ты са мною, *
    дай і мне спазнаць Твой боль (х 2).
5. Ох, не чую Сына мовы, *
    Ён схіліў на грудзі голаў, *
    Я на свеце ўжо адна (х 2).
6. О, Марыя, мукі Пана, *
    крыж, пакуты, боль і раны *
    буду ў сэрцы я насіць (х 2).

Напрыканцы:
Ты за нас цярпеў ад ранаў, * Езу Хрыстэ, * змілуйся над намі.

Абноўлена 05.06.2017 14:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця