15 красавіка ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры дабрачыннай мiсiі Добрага Самаранiна пад апекай святой Уршулi Ледухоўскай у Мінску ў другі раз адбудзецца малітва праслаўлення «Дзеці нясуць міласэрнасць».
Упершыню такую малітоўна-творчую акцыю з удзелам дзяцей тут зладзілі ў красавіку мінулага года.
Малітва праслаўлення «Дзеці нясуць міласэрнасць» — гэта фестываль духоўных спеваў, дыялог любові, праслаўлення і падзякі Пану Богу.
Як адзначаюць арганізатары на сайце місіі Добрага Самаранiна Samaranin.by, малітоўныя спевы, якія выконваюць дзеткі, гучаць асабліва пранікнёна і кранаюць душу.
Сёлета малітва праслаўлення ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры таксама пройдзе ў вігілію свята Божай Міласэрнасці, 15 красавіка, з 11.00 да 15.00.
Умовы ўдзелу:
- Узрост удзельнікаў: 4–16 гадоў.
- Удзел могуць узяць адзін чалавек або група да дваццаці чалавек.
- Падрыхтаваць адзін або два спевы. Папярэдне просім узгадніць спевы з арганізатарамі па электроннай пошце samaranin16@gmail.com, каб спевы не паўтараліся.
- Даслаць звесткі пра ўдзельнікаў (імя адказнага, парафія, тэлефон) на электронную пошту samaranin16@gmail.com да 20 сакавіка.
- Падчас праграмы прадугледжаны пасілак. Прыезд за кошт удзельнікаў.
Адрас: Хрысціянскі сацыяльны цэнтр, вул. Серафімовіча, 19, г. Мінск.
Арганізатары шчыра запрашаюць да ўдзелу і будуць удзячныя ўсім за падтрымку.