Айцы дамінікане, якія нясуць служэнне ў парафіі святога Казіміра і святой Ядзвігі ў Магілёве, запрашаюць падчас Вялікага посту, які сёлета распачнецца 22 лютага, да супольнага чытання кнігі прарока Ісаі.
Чытанне і малітва Словам Божым з выкарыстаннем для лепшага разумення сучасных каментароў каталіцкіх біблістаў распачнецца 22 лютага, у Папяльцовую сераду, і завершыцца ў нядзелю Божай Міласэрнасці, 16 красавіка. З-за вялікага аб’ёму кнігі, якая складаецца з 66-і раздзелаў, у пэўныя дні будзе чытацца па два раздзелы (12 разоў).
Ахвотных далучыцца да гэтай велікапоснай сустрэчы са Словам Божым і з прарокам Ісаяй, якога таксама называюць «Евангелістам Старога Запавету», айцы дамінікане запрашаюць у суполку Ісая2023 на viber.
- Кантактны нумар: +375 (29) 291 92 11 — айцец Раман Шульц OP
Мадэратар праекта айцец Раман Шульц OP заахвочвае штодня маліцца да Святога Духа і Марыі, Маці Спрадвечнага Слова, якое ў Яе ўлонні сталася целам, просячы аб плёнах Божага слова ў нашым жыцці.
Парада мудраца, як чытаць Біблію:
«А паколькі шляхоў да таямніцы звычайна шмат, паспрабуйце чытаць Біблію рознымі спосабамі. Часам чытайце „вокам мудраца“, уважліва ўглядайцеся ў кожнае слова тэксту, а часам дайце волю сваёй фантазіі і крыху менш пошукава і завострана, але з больш адкрытым сэрцам разглядайце падзеі, якія разгорнуцца на старонках Кнігі.
Кожны раз вы знойдзеце розныя каштоўнасці ў гэтых фрагментах. Калі вы прачытаеце той ці іншы раздзел дваццаць разоў, вы павінны прачытаць яго па-рознаму як мінімум дзесяць разоў і кожны раз адкрываць у ім розныя таямніцы.
Але ніколі не будзьце ўпэўненымі ў тым, што вы дасягнулі яго сапраўднага сэнсу, сутнасці справы. Не панікуйце, калі пры кожным чытанні вы знаходзіце ў адным тэксце розныя значэнні, нават тыя, якія супярэчаць адно аднаму. Біблія — бяздонная і бязмежная стыхія. Ніхто з даследчыкаў, экзэгетаў, тэолагаў, вучоных і пісьменнікаў не дасягнуў яе глыбінных вытокаў. Так што не адчайвайцеся, калі вы чагосьці не разумееце ў Бібліі».
Раман Брандштэтэр, «Біблійнае кола».