Пошук

12.05.2022 09:35   Vatican News
Фота: Guglielmo Mangiapane / Reuters

Катэхеза Папы Францішка падчас агульнай аўдыенцыі, якая 11 мая прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, стала чарговай у цыкле разважанняў Святога Айца на тэму старасці.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік прысвяціў гэтую катэхезу біблійнаму прыкладу Юдыты, якая, будучы маладой, поўнай цнот габрэйскай удавой, абараніла Ізраэль ад яго ворагаў, а потым вярнулася ў свой родны горад, дзе пражыла цудоўную старасць ажно да ста пяці гадоў, вылучаючыся асаблівай мудрасцю.

«Можна сказаць, што для яе наступіў пенсійны ўзрост», — заўважыў Папа.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што гераізм чалавека можа праяўляцца не толькі ў вялікіх гістарычных падзеях, але часта яго можна ўбачыць таксама ў «трывалай любові, праяўленай у складанай сям’і і на карысць супольнасці, якой пагражае небяспека».

Гаворачы пра доўгае жыццё Юдыты, Святы Айцец заўважыў, што пасля дасягнення пенсійнага ўзросту людзі жывуць яшчэ вельмі шмат гадоў. Для некаторых гэта перыяд адпачынку пасля цяжкай працы, але для іншых ён можа быць звязаны з трывогай і страхам. Узнікаюць пытанні пра тое, што рабіць з вольным часам, заўважыў Папа, адзначыўшы, што радасцю ў гэты жыццёвы перыяд можа быць клопат пра ўнукаў, хоць цяпер гэта не заўсёды атрымліваецца ў сілу розных прычын.

Пантыфік заклікаў імкнуцца рабіць «суіснаванне паміж пакаленнямі больш чалавечным, больш сардэчным, больш справядлівым у новых умовах сучасных грамадстваў».

«Важнай часткай паклікання бабуль і дзядуль з’яўляецца падтрымка дзяцей у выхаванні патомства. Малыя вучацца сіле ласкавасці і павазе да ўразлівасці — гэта неад’емныя ўрокі, даваць і атрымліваць якія прасцей з пажылымі людзьмі. Бабулі і дзядулі, са свайго боку, вучацца таму, што ласкавасць і ўразлівасць — гэта не знакі заняпаду. Для моладзі яны з’яўляюцца тым, што робіць больш чалавечнай будучыню», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Святы Айцец паставіў у прыклад Юдыту, якая «пакінула пасля сябе добрую спадчыну мудрасці, ласкавасці, дароў для сям’і і грамадства: спадчыну дабра, а не толькі дабротаў». Ён нагадаў пра ўвагу і чалавечнасць пажылой Юдыты, якая адарыла свабодай сваю нявольніцу. Папа падкрэсліў, што ў старасці чалавек «здольны бачыць тое, чаго яму не хапала раней», а таксама падкрэсліў, што нават пажылых людзей Бог адорвае талентамі.

Вось чаму «жыццё нашых грамадстваў павінна ўмець радавацца талентам і харызмам шматлікіх пажылых людзей, якія ў сілу ўзросту ўжо з’яўляюцца пенсіянерамі, але ўяўляюць сабой багацце, якое трэба належна цаніць», — сказаў Пантыфік.

Ён заўважыў, што пажылыя людзі могуць з творчай адвагай і велікадушнай адкрытасцю зрабіць свае здольнасці «рэсурсамі для дару: вучыць, раіць, будаваць, клапаціцца, слухаць». Ён пажадаў, каб гэта рабілася пераважна «на карысць людзей, якія знаходзяцца ў найскладанейшай сітуацыі, якія не могуць дазволіць сябе вучыцца ці асуджаны на адзіноту».

«Юдыта не была пенсіянеркай, якая меланхалічна жыла сваёй пусткай», але «поўнай запалу пажылой жанчынай, што напоўніла час дарамі, якімі Бог адарыў яе», — падкрэсліў Папа Францішак, заклікаўшы бабуль і дзядуль браць з яе прыклад і пакідаць мудрасць у спадчыну пасля сябе.

Абноўлена 12.05.2022 09:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа