Пошук

16.04.2021 14:35   Catholic.by

18 красавіка спаўняецца 40 гадоў з дня адыходу ў вечнасць Слугі Божага біскупа Баляслава Слосканса, былога Апостальскага адміністратара Мінскай і Магілёўскай дыяцэзій.

Стаўшы біскупам у 1926 годзе, Баляслаў Слосканс ажно да самай смерці ў 1981 годзе заставаўся пастырам беларускіх католікаў, хоць арышты, зняволенне ў савецкіх і нацысцкіх лагерах і далейшае вымушанае жыццё ў эміграцыі суправаджалі ўсё яго служэнне. Гераічнае сведчанне веры і святое жыццё нязломнага біскупа стала падставаю для распачацця ў 2000 годзе яго беатыфікацыйнага працэсу.

У суботу 17 красавіка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ў 1989 годзе стаў наступнікам біскупа Баляслава Слосканса ў якасці Апостальскага адміністратара беларускіх католікаў, узначаліць цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі хутчэйшай беатыфікацыі свайго папярэдніка.

Яна распачнецца ў 18.30 у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску (пл. Свабоды, 9).

Іерарх заклікае ўсіх вернікаў Беларусі далучыцца да гэтай малітвы і запрашае ўзяць удзел у святой Імшы ў мінскай архікатэдры або з дапамогай прамой трансляцыі на нашым партале.

Малітва аб беатыфікацыі слугі Божага біскупа Баляслава Слосканса

Божа, наш міласэрны Ойча, Ты паклікаў слугу свайго біскупа Баляслава Слосканса, каб ён вёў Твой народ. Падчас пераследу і мучэнняў, у жудасным зняволенні і пакутах, у вымушаным выгнанні ён заставаўся верным вызнаўцам веры ў Цябе і любові да Цябе, верны свайму бісупскаму дэвізу: быць жывою ахвярай за ўсіх людзей, з якімі яго яднала братэрская сувязь.

Просім Цябе, каб дзякуючы збаўчай ахвяры Твайго Сына Езуса Хрыста, а таксама заступніцтву і прыкладу Твайго Слугі Баляслава Слосканса мы кіравалі нашыя імкненні адпаведна Тваёй святой волі і згодна з Тваімі намерамі. Дзеля праслаўлення Імя Твайго няхай хутчэй завершыцца перад вачыма ўсіх дзяцей Тваіх працэс яго беатыфікацыі. Амэн.

Абноўлена 16.04.2021 14:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця