Пошук

18.04.2018 10:06   Паводле: кс. Андрэй Кеўліч / mohylev-katolik.by

Сёлета прыпадае 37-я гадавіна смерці Слугі Божага біскупа Баляслава Слосканса. Гэта быў пастыр, які любіў беларускі народ, размаўляў на яго мове і, прайшоўшы праз шматлікія выпрабаванні, заставаўся моцным у веры і браў удзел у ІІ Ватыканскім Саборы. 18 красавіка духавенства і кансэкраваныя асобы Магілёўшчыны на чале з біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB, сабраныя ў Фашчаўцы на пастырскай сустрэчы, разам памаліліся аб яго хутчэйшай беатыфікацыі.

З біяграфіі Слугі Божага

Біскуп і Апостальскі адміністратар Мінскі і Магілёўскі, беларускі і латышскі рэлігійны і грамадскі дзеяч Баляслаў Слосканс нарадзіўся ў былой Віцебскай губерні ў Стэрнянах пад Рэжыцай (Латвія) у каталіцкай сям’і Бярнарда і Цэцыліі Слоскансаў.

Вучыўся ў каталіцкай духоўнай акадэміі ў Петраградзе.

У 1917 г. ён прымае прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Яна Цепляка, а пасля закрыцця акадэміі пачынае служэнне ў храме св. Кацярыны на Неўскім праспекце, дапамагае ў каталіцкіх парафіях у прыгарадах Петраграда, а таксама ў Шлісельбургу, Кранштаце і Петразаводску.

У 1924-25 гг. ён нясе душпастырскае служэнне ў маскоўскім храме свв. Пятра і Паўла, а пасля — у парафіі Св. Барбары ў Віцебску.

10 мая 1926 г. біскуп Мішэль д’Эрбіньі, спецыяльны пасланнік папы Пія XІ, у храме св. Людовіка ў Маскве таемна ўдзяляе святару біскупскае пасвячэнне і прызначае яго Апостальскім адміністратарам у Магілёве (са жніўня 1926 г.) і Мінску (з 1927 г.).


Біскуп Слосканс і моўная палітыка

У сваіх выступленнях біскуп Слосканс імкнуўся выкарыстоўваць і беларускую, і польскую мовы.

Каб растлумачыць стаўленне да моўнай палітыкі, аднойчы падчас наведвання гомельскай парафіі ён звярнуўся да прысутнай у касцёле інтэлігенцыі па-польску:

«Казанне мае на мэце растлумачыць усім вернікам — без раздзялення іх па ўзроўню асветы — найважнейшую справу іхняга жыцця, справу збаўлення душы.

Гаварыць аб гэтым на мове, якую добра не разумеюць шырокія масы, было б дарэмнаю гаворкаю, а казаць два казанні ў розных мовах я не маю часу. Таму прашу інтэлігенцыю прыстасавацца да мовы шырокіх кругоў вернікаў і выслухаць казанне ў беларускай мове», — казаў тады ён.

Першы арышт

За актыўную дзейнасць на пасадзе Апостальскага адміністратара біскуп Баляслаў Слосканс у верасні 1927 года быў арыштаваны і высланы ў Салавецкія лагеры.

Смяротнасць у лагерах сярод зняволеных была тады даволі высокая. У 1929 годзе на востраве Анзэр з тысячы зняволеных памерла 700. Здароўе і біскупа Баляслава ў 1930 годзе было вельмі падарваным ад працы і холаду. Але ён выжыў, адбыўшы тэрмін зняволення.

У 1930 годзе скончыліся тры гады яго зняволення. Спачатку ён вяртаецца ў Ленінград, а затым у Магілёў. Але праз дзесяць дзён пасля прыезду біскупа ў Магілёў яго зноў арыштоўваюць і высылаюць у Сібір.

Падарожжа на высылку прыйшлося адбываць этапамі. У сакавіку 1931 года ён прыбыў у Енісейск. Адтуль праз два месяцы яго перавялі ў Стара-Юруханск, а на новы 1932 год — у Краснаярск. Там біскуп Баляслаў мусіў сам знаходзіць сабе працу і харчаванне. Ратавала лоўля рыбы. Праз год яму паведамілі, што яго пераводзяць у Маскву.

Праз тыдзень знаходжання ў маскоўскай турме, 20 студзеня 1933 года біскупа выклікалі ў суд, дзе яго чакаў пасол латвійскага ўраду, які паведаміў, што, дзякуючы латвійскаму ўраду і Апостальскаму Пасаду, савецкі ўрад пагадзіўся абмяняць яго на аднаго камуніста, і дзеля гэтага ўжо заўтра можна выехаць у Рыгу.

Прапанову пастыр прыняў не адразу, кажучы, што яго абавязак — берагчы даручаную яму паству.

Падчас Другой сусветнай вайны гітлераўскія ўлады пастаянна перашкаджалі біскупу Слоскансу выконваць яго архіпастырскія абавязкі на Беларусі.

А ў 1944 годзе нямецкае гестапа вывезла яго ў Германію ў лагер для ваеннапалонных Шнайдэмюле, адкуль іерарх быў вызвалены дзякуючы нямецкім біскупам.


Апостальскі візітатар для грэка-католікаў

Пасля вызвалення біскуп Слосканс жыў у горадзе Айхштэт у Баварыі, а затым у кляштары капуцынаў у Лор-на-Майне. Там ён знаходзіўся да 1947 года. Пасля беларусы-вернікі запрасілі яго ў Бельгію.

Адтуль Апостальскі Пасад камандзіраваў біскупа візітаваць беларускія асяродкі ў Францыі, Бельгіі і Германіі.

Афіцыйна біскуп Баляслаў Слосканс быў Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў з 19 снежня 1952 года, а з 14 лютага 1953 года — і адказным за душпастырства для беларусаў лацінскага абраду ў Заходняй Еўропе.

Ужо ў папярэднія гады ён наведваў і падтрымліваў духоўна многіх беларусаў-эмігрантаў і асабліва дапамагаў беларускім студэнтам, якія вучыліся ў каталіцкім універсітэце ў Лювене.

Ён быў зацікаўлены духоўным і культурным развіццём сярод беларусаў на Захадзе, асабліва маладых студэнтаў і інтэлектуалаў.

Для духоўнага і культурнага жыцця беларусаў на Захадзе вельмі важнай была таксама падтрымка, якую біскуп Баляслаў аказваў вядомаму беларускаму музыку Міколу Равенскаму — аўтару музыкі беларускага рэлігійнага гімна «Магутны Божа».

Актыўны ўдзел біскупа Баляслава Слосканса ў духоўным і культурным жыцці беларусаў замежжа выяўляўся і ў матэрыяльнай, і ў маральнай дапамозе, якую ён аказваў беларускім каталіцкім часопісам Źnič, што выдаваўся ў Рыме Пятром Татарыновічам, і «Божым шляхам», які выдаваўся ў Парыжы Львом Гарошкам.

Вялікая заслуга біскупа Баляслава Слосканса для душпастырскіх патрэбаў беларусаў у эміграцыі была і ў тым, што ён, як Апостальскі візітатар для беларусаў замежжа, падтрымаў ліст, які беларускія святары напрыканцы іх агульнай сустрэчы ў Рыме прадставілі папу Яну XXIII 6 лютага 1960 года.

У лісце была просьба прызначыць для беларускіх католікаў уласнага біскупа.

Ліст быў падпісаны біскупам Баляславам Слоскансам і беларускімі святарамі, якія займаліся душпастырскай апекай беларускіх эмігрантаў абодвух абрадаў у Заходняй Еўропе.

І сапраўды, 2 ліпеня 1960 года Ян ХХІІІ намінаваў айца Чэслава Сіповіча, рэктара беларускай місіі ў Лондане, першым беларускім біскупам з часу знішчэння ў 1839 годзе царскімі ўладамі Расійскай імперыі структур Грэка-Каталіцкай Царквы.

У 1962–1965 гг. біскуп Слосканс прыняў удзел у Другім Ватыканскім Саборы.

18 красавіка 1981 г. іерарх адышоў у вечнасць. У 1993 годзе яго парэшткі перавезлі ў базыліку Божай Маці ў Аглоне (Латвія).

У 2000 годзе быў распачаты яго беатыфікацыйны працэс. У 2004 г. папа Ян Павел ІІ падпісаў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў біскупа Баляслава Слосканса.


Малітва аб беатыфікацыі слугі Божага біскупа Баляслава Слосканса:

Божа, наш міласэрны Ойча, Ты паклікаў слугу свайго біскупа Баляслава Слосканса, каб ён вёў Твой народ. Падчас пераследу і мучэнняў, у жудасным зняволенні і пакутах, у вымушаным выгнанні ён заставаўся верным вызнаўцам веры ў Цябе і любові да Цябе, верны свайму бісупскаму дэвізу: быць жывою ахвярай за ўсіх людзей, з якімі яго яднала братэрская сувязь. Просім Цябе, каб дзякуючы збаўчай ахвяры Твайго Сына Езуса Хрыста, а таксама заступніцтву і прыкладу Твайго Слугі Баляслава Слосканса мы кіравалі нашыя імкненні адпаведна Тваёй святой волі і згодна з Тваімі намерамі. Дзеля праслаўлення Імя Твайго няхай хутчэй завершыцца перад вачамі ўсіх дзяцей Тваіх працэс яго беатыфікацыі. Амэн.

Абноўлена 18.04.2018 15:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця