20 лютага адбудуцца ўрачыстасці ў санктуарыі ў Росіцы, на якія айцы марыяне запрашаюць усіх ахвотных.
З самага пачатку існавання хрысціянства тэма мучаніцтва за веру мела асаблівае значэнне. Вернікі шанавалі месцы, дзе былі пахаваныя мучанікі, з пашанай ставіліся да іх скрываўленай вопраткі і знявечаных целаў, перапісвалі і пераказвалі іх гераічныя подзвігі. Магчыма, так адбывалася таму, што смерць мучанікаў за веру найбольш набліжала іх да любові Бога, які ў сваім Сыне стаў мучанікам з любові да чалавецтва.
Многіх маладушных і малаверных хрысціянаў гісторыі мучанікаў умацоўвалі ў веры, таму што яны бачылі, як слабыя людзі, па міласці Бога, станавіліся адважнымі змагарамі. Першыя хрысціяне казалі і верылі, што кроў мучанікаў за веру — гэта пасеў для будучых пакаленняў веруючых.
Вёска Росіца Верхнядзвінскага раёна з’яўляецца адным з прыкладаў такога гераізму веры, дзе ў 1943 годзе двое святароў марыянаў добраахвотна аддалі сваё жыццё за веру, ідучы на смерць разам са сваімі парафіянамі.
Штогод у памяць аб гэтай падзеі ў Росіцы ў лютым збіраюцца вернікі, каб праславіць Бога за росіцкіх мучанікаў і прадставіць Яму свае просьбы і падзякі.
У сувязі з сітуацыяй пандэміі каранавірусу просьба да ўсіх, хто прыбывае ў Росіцу, захоўваць масачны рэжым і сацыяльную дыстанцыю не толькі ў касцёле, але і ў транспарце. Таксама па прычыне пандэміі ў гэтым годзе супольны пасілак для пілігрымаў не прадугледжваецца.
Праграма:
- 11.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту з магчымасцю споведзі
- 12.00 – святая Імша (цэлебруе біскуп Віцебскі Алег Буткевіч)
- 13.30 – працэсія на месца мучаніцтва і заканчэнне ўрачыстасцяў