Пошук

20.07.2020 15:36   Catholic.by

22 ліпеня а 17-й гадзіне ў Палацы мастацтва адбудзецца цырымонія адкрыцця Рэспубліканскай выставы «Трыенале сучаснага мастацтва» па выніках Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва» ў 2019–2020 гадах.

Сярод 12 фатографаў у намінацыі «мастацкая фатаграфія» ў розных мастацкіх тэхніках трыма аўтарамі будуць прадстаўлены серыі фотапрац прысвечаны хрыстыянскай тэматыцы.

Серыя фотапрац фатографа Віктара Ведзеня «Рараты» з праекту «Каталіцтва. Уступ» распавядае пра адну з адвэнтавых каталіцкіх традыцый у Беларусі.

Раней экспазіцыя была паказана ў снежні мінулага года ў Народным фотаклубе «Мінск».

Фотамастак Валерый Вядрэнка прадставіць серыю прац «Містэрыі Гервятаў», прысвечаную адной з найпрыгажэйшых святыняў Беларусі — касцёлу Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах.

Выдавец і фотамастак Дзяніс Раманюк прадставіць серыю фатаграфій «Беларусь. Храм і краявід», прысвечаную храмавай архітэктуры краіны.

Таксама будзе прадстаўлена серыя фотапрац фатографа Віктара Сянькова «Памяць застаецца», якая распавядае пра дзясяткі знаёмых і закінутых могілак краіны, — дзесяць гадоў працы над тэмай і каля тысячы негатываў матэрыялу.

Значная частка «мастацкай фатаграфіі» будзе размешчана ў прасторы ZAL #2, а таксама ў асноўных залах.

Акрамя намінацыі «мастацкая фатаграфія», экспазіцыя прадставіць 92 працы, якія былі вызначаны адборачнай камісіяй з некалькіх соцень заявак па намінацыях: «Жывапіс», «Графіка», «Скульптура», «Дызайн», «Актуальнае мастацтва» (арт-аб’ект, інсталяцыя), «Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Мастацтвазнаўства і крытыка», «Творчы дэбют».

У перыяд правядзення выставы прафесійнае журы вызначыць лаўрэатаў конкурсу з ліку прэтэндэнтаў.

Пераможцы атрымаюць грашовую прэмію, дыплом лаўрэата і спецыяльны прыз. Таксама будуць уручаны дыпломы «За ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва» і «Мецэнат выяўленчага мастацтва». Па выніках выставы будзе падрыхтаваны каталог.

Выстава працягнецца да 7 жніўня. Яе можна наведаць з 11 да 19 гадзін. Час працы: аўторак-нядзеля. Адрас: Мінск, вул. Казлова, 3, Палац мастацтва.

Урачыстае закрыццё выставы і цырымонія ўзнагароджання адбудуцца 7 жніўня ў 17.00.

Абноўлена 24.07.2020 14:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця