З 22 па 24 верасня францішканскі кляштар у Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) зноў сабраў ахвотных адкрываць прысутнасць Бога праз Яго Слова.
16 удзельнікаў рэкалекцый, прысвечаных кнізе прарока Осіі, разважалі над істотай вернасці, сэрцам як месцам жыццёвых выбараў і самотнасцю «пустыні» ў сваім жыцці.
Магчымасцю крэатыўна перажываць такую духоўную «пустыню» стаў майстар-клас з практычнымі заняткамі па мабільнай фотаздымцы, які правяла Дар’я Сцяпанава, прафесійны фатограф, выкладчыца і аўтар курсаў для аматараў фотаздымкі.
Працы ўдзельнікаў рэкалекцый можна паглядзець ніжэй.
Удзельнікі адзначылі незвычайнае спалучэнне зместаў кнігі Осіі і практыкі фатаграфіі, якая стала магчымасцю выразіць сваё адчуванне перажытага падчас гэтых выходных у Івянцы.
Адна з удзельніц дзеліцца ўражаннямі:
«Засяродзіцца, шукаць і знайсці тую душэўную раўнавагу, якая часам хутка губляецца ў штодзённасці, у актыўнай мітусні… Шукаць адказы на пытанні, якія хвалююць, і, што самае цікавае, знаходзіць іх, бачыць і чуць іх. І нават больш за тое. Час, каб зірнуць на сябе з іншага боку; час, каб спасцігаць дождж Божых ласкаў праз адкрытае сэрца; час сустрэчы з Богам: сам-насам, праз сакрамэнты і людзей. А потым з адноўленнымі сіламі вяртацца да штодзённасці і жыць у праўдзе, жыць тым, што пачула, рэалізоўваць атрыманыя духоўныя тэарэтычныя веды на практыцы.
Івянец, рэкалекцыі ў айцоў францішканаў — гэта дом для сэрца і душы, куды заўсёды хочацца вяртацца», — кажа ўдзельніца рэкалекцый.
Моцным акцэнтам на заканчэнне духоўных практыкаванняў быў хрост самай маладой іх «удзельніцы» — Рут, якая праз два тыдні пасля нараджэння разам з бацькамі прыехала ў Івянец.
Біблійныя рэкалекцыі ўжо другі год сістэматычна праводзяцца івянецкімі францішканамі. Арганізатары запрашаюць усіх ахвотных у іх паўдзельнічаць, каб у прыязнай сяброўскай атмасферы пазнаваць наступныя кнігі Святога Пісання і адкрываць новыя гарызонты.
Абвесткі пра правядзенне рэкалекцый у Івянцы публікуюцца на Catholic.by.