Айцы марыяне паведамляюць, што ў сувязі з пандэміяй каранавірусу запланаваныя на 31 ліпеня – 1 жніўня ўрачыстасці на ўшанаванне благаслаўленых мучанікаў Юрыя і Антонія ў Росіцы адбудуцца ў скарочаным фармаце.
Адмяняюцца ўсе пешыя і роварныя пілігрымкі, а таксама начныя цэлебрацыі. Фэст адбудзецца толькі 1 жніўня.
Праграма набажэнстваў:
- 11.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, магчымасць споведзі
- 11.30 – Ружанец (радасныя таямніцы)
- 12.00 – святая Імша (цэлебрацыю ўзначаліць біскуп Віцебскі Алег Буткевіч)
- 13.30 – працэсія на месца мучаніцтва, малітва і ўшанаванне святога крыжа
Вялікая просьба да вернікаў прыступіць да споведзі ў сваіх парафіях. Таксама ў санктуарыі будзе арганізавана магчымасць споведзі на вуліцы.
Інтэнцыі на святыя Імшы просьба запісаць загадзя і аддаць у санктуарыі разам з ахвяраваннямі адпаведным асобам, якія будуць знаходзіцца пры ўваходзе ў касцёл.
Таксама сёлета не будзе агульнага пачастунку для пілігрымаў. Просьба самастойна паклапаціцца пра харчаванне.
Усіх, хто будзе ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях, просяць памятаць аб неабходнасці захавання сацыяльнай дыстанцыі і выкарыстання масак.