14 мая, калі вернікі розных рэлігій ва ўсім свеце будуць разам маліць Бога аб спыненні пандэміі каранавірусу, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліць у Мінску адмысловае набажэнства ў гэтай інтэнцыі.
У 18.00 у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі распачнецца Маёвае набажэнства перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Падчас яго будуць узнесены малітвы аб спыненні пандэміі каранавірусу.
Непасрэдна пасля гэтага арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліць у галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі цэлебрацыю святой Імшы ў гэтай інтэнцыі.
«Гэта будзе незвычайнае малітва. Людзі розных народаў ва ўсім свеце, прадстаўнікі розных рэлігій будуць аднадушна прасіць Бога Стварыцеля выбавіць свет ад пандэміі.
Выразам гэтага стане супольная малітва, пост і ўчынкі міласэрнасці, на якія ад усяго сэрца благаслаўляю», — зазначае іерарх і запрашае ўзяць удзел у супольнай малітве ў мінскай архікатэдры або далучыцца да яе з дапамогаю прамой трансляцыі на партале Catholic.by.
Дзень малітвы і посту 14 мая праводзіцца па прапанове Высокага камітэта па чалавечым братэрстве. Ініцыятыву падтрымалі Папа Францішак і каталіцкія біскупы Беларусі. Далучаюцца да яе таксама прадстаўнікі Цэркваў і супольнасцяў, якія ўваходзяць у Сусветную Раду Цэркваў.