12 кастрычніка ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску біскуп Віцебскі Алег Буткевіч падчас урачыстай святой Імшы ўдзеліць сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату дыяканам Уладзіславу Шарковічу і Алегу Зямчонку.
Пра гэта паведамляе партал Catholicnews.by.
Пачатак у 11 гадзін.
Дыякан Уладзіслаў Шарковіч паходзіць з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча ў Мёрах. Паспяхова скончыў вучобу ў Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. 15 жніўня 2018 года прыняў дыяканскае пасвячэнне, пасля чаго праходзіў душпастырскую практыку ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім.
Дыякан Алег Зямчонак паходзіць з аг. Парыж (Пастаўскі дэканат). Фармацыю праходзіў у духоўных семінарыях у Пінску і ў Санкт-Пецярбургу (Расія). 28 красавіка гэтага года прыняў дыяканскае пасвячэнне, пасля чаго праходзіў душпастырскую практыку ў катэдральнай парафіі ў Віцебску.