Пошук

05.08.2019 10:49   Тэкст і фота: Сяргей Сурыновіч / Catholic.by

З 9 па 18 жніўня ў Друі, што на Браслаўшчыне, у даўнім кляштары бэрнардынаў пры касцёле Святой Тройцы пройдзе Пяты міжнародны мастацкі пленэр, у якім возьмуць удзел прафесійныя мастакі.

Асноўная мэта пленэру, які ўжо ў пяты раз ладзіцца ў старажытных мурах друйскага кляштара — дыялог рэлігіі і мастацтва, будаўніцтва мастоў, пошук супольнай гамы, дэталізацыя адценняў сумоўя.

У Друі мастакі будуць не толькі маляваць. Жывучы ў кляштары, яны маюць магчымасць паглыбіць сваю асабістую духоўнасць дзякуючы арганізаваным для іх канферэнцыям і набажэнствам.

Мастацкая палітра ўдзельнікаў прадстаўлена ў вельмі шырокім дыяпазоне: Кацярына Говен, Аляксандр Грышкевіч, Аляксандр Даманаў, Марына Зуева, Алег Іларыёнаў, Таццяна Кандраценка, Інга Карашкевіч, Таццяна Карпачова, Кастусь Качан, Кацярына Пашкевіч, Улад Пятручык, Кацярына Сумарава, Дар’я Сумарава-Копач, Павал Хадаровіч, Алена Чэпелева, Яўген Шадко, Наталля Шкраба і іншыя. Стыль, спосаб пісьма і тэхніка жывапісу ўдзельнікаў пленэру ахоплівае самыя розныя кірункі сучаснага мастацтва.

18 жніўня адбудзецца выстава мастацкіх прац па выніках пленэру.

На вернісаж, які адкрыецца а 10-й гадзіне ў будынку старадаўняга бэрнардынскага кляштара і будзе працягвацца адзін дзень, арганізатары запрашаюць усіх жадаючых.

Паколькі мястэчка Друя знаходзіцца ў памежнай зоне, усім гасцям неабходна мець пры сабе пашпарт.

Абноўлена 05.08.2019 12:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.