Пошук

15.07.2019 15:40   Catholic.by

27 ліпеня ў вёсцы Тракелі, што на Астравеччыне (парафія Дайлідкі, Гродзенская дыяцэзія), адбудзецца ўрачыстая святая Імша каля крыніцы Якуба — старадаўняга месца культу мясцовых вернікаў.

Вада — біблійны сімвал жыцця, евангельскі сімвал Святога Духа, які ўсё ажыўляе і аднаўляе. Нездарма ў славянаў з найдаўнейшых часоў крыніца — месца святое. Таму савецкія змагары з рэлігіяй імкнуліся знішчаць такія месцы, каб без жыватворчай вады засохла дрэва святой веры, што каранямі сягае далёка ў глыбіні роднай зямелькі-маці.

Таксама і ў невялічкай вёсцы Тракелі, дзе стагоддзямі вернікі чэрпалі гаючую ваду з крыніцы святога Якуба, гэтае месца культу было знішчана: крыж спілавалі, крыніцу засыпалі. Але вера простага люду перажыла нялюдскую савецкую ідэалогію. Мясцовыя вернікі разам са сваім шматгадовым пробашчам ксяндзом Алегам Шпенем адрадзілі святую крыніцу. Цяпер тут штогод, як і ў даўнія часы, праходзіць святая Імша ў свята святога апостала Якуба.

Сёлетняя ўрачыстасць каля крыніцы святога Якуба ў Тракелях адбудзецца ў суботу, 27 ліпеня, а 12-й гадзіне.

Пробашч парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках кс. Алег Шпень і мясцовыя вернікі шчыра запрашаюць усіх жадаючых узяць удзел ва ўрачыстасці. Тым, хто будзе ехаць у Тракелі з боку Астраўца, варта звярнуць увагу на тое, што ў сувязі з рамонтам дарогі ад кальца трэба паварочваць на аб’езд праз вёску Трайгі ў бок Ашмянаў.

Абноўлена 27.07.2020 13:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.